Патэнцыйная кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская паведаміла TUT.by, што ёй паступіў званок з пагрозамі на адрас яе і дзяцей.
Цяпер Святлана знаходзіцца ў Гомлі, куды прыехала, каб перадаць падпісныя лісты ў мясцовую выбарчую камісію.
«Я знаходжуся ў Гомлі, я прыехала сюды, каб пачаць здачу подпісаў, сабраных у маю падтрымку, і на парозе адной з адміністрацыяў мне паступіў званок з пагрозамі на мой адрас і на адрас маіх дзяцей з умовай таго, што я не павінна працягваць гэтую паездку.
Перада мной стаіць выбар: дзеці ці далейшая барацьба, думаю, мой выбар будзе відавочны. Прашу вас з разуменнем паставіцца да любога майго рашэння. Хачу сказаць, што калі б Сяргей быў на волі, ён бы сказаў вам не здавацца», – заявіла Ціханоўская.
Паводле яе, званілі з замежнага нумару, размову яна не запісала.
«Гэта гучала як папярэджанне, мне сказалі прыкладна такое: «прыміце да ведама, можа быць вы спыніце сваю паездку, таму што вас могуць пасадзіць, а дзяцей забраць», – кажа Святлана.
Канчатковага рашэння аб зняцці з перадвыбарчай гонкі яна пакуль не прыняла. Напярэдадні яна заявіла, што сабрала неабходныя для вылучэння 100 тысяч подпісаў.
У каментары «Белсату» Святлана адзначыла, што не адчувае небяспекі.
«Можа, гэта добры чалавек такім чынам мяне хоча спыніць, бо бачыць нейкія наступствы для мяне… Не ведаю. Аднак званок атрымала і ўсё, я адразу на паніцы, як любая матуля ў такім стане».
Ціханоўская кажа, што з дзецьмі зараз усё добра. Яны знаходзяцца ў Менску з ейнай матуляй.
З 24 траўня па ўсёй Беларусі людзі выстраіваліся ў чэргі, каб пакінуць подпіс а вылучэнне Святланы Ціханоўскай у прэзідэнты. Ейны муж, папулярны блогер Сяргей Ціханоўскі, з канца траўня знаходзіцца ў СІЗА, яго і яшчэ 8 ягоных прыхільнікаў прызналі палітвязнямі. Пасля шматлікіх правакацый і затрыманняў чальцоў ініцыятыўнай групы Ціханоўская абвясціла, што здымае пікеты ў Менску і абласных цэнтрах.
Збор подпісаў працягнецца да 19 чэрвеня. Выбары прэзідэнта прызначаныя на 9 жніўня.