У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА


У Горадні АМАП затрымаў блогера Сяргея Ціханоўскага. Пасля затрымання каля УУС Гарадзенскага аблвыканкаму сабраліся прыблізна 100 прыхільнікаў Сяргея Ціханоўскага. Праз 2 гадзіны каля УУС засталіся некалькі дзясяткаў чалавек. Апроч Сяргея Ціханоўскага затрыманыя яшчэ 9 чалавек, паведаміў грамадскі актывіст Мікалай Салянік. Салянік, са спасылкаю на словы намесніка кіраўніка Гарадзенскай міліцыі, зняпраўдзіў інфармацыю, што Ціханоўскага павезлі ў Менск.

«Адбываецца нейкая правакацыя»

Падчас акцыі ў Горадні каля Ціханоўскага з’явіліся жанчыны, якія правакавалі блогера і ўдзельнікаў акцыі. Да Сяргея Ціханоўскага падбеглі два міліцыянты і паспрабавала яго затрымаць. Але людзі перашкадзілі ім у гэтым. Раптам побач упаў міліцыянт.

Ціханоўскі тлумачыў, што мітынгоўцы нічога не рабілі, і пачаў сыходзіць з плошчы са словамі: «Адбываецца нейкая правакацыя». Але праз момант з’явіліся АМАПаўцы, яны затрымалі блогера, на гэтым стрым Ціханоўскага абарваўся.

Удзельнікі пікету паведамляюць пра тое, што міліцыянты затрымалі і іншых людзей.

Удзельнікі пікету пасля затрымання не разышліся, а накіраваліся да УУС Гарадзенскага аблвыканкаму.

Каля будынку міліцыі ўсё больш збіраецца людзей. Мітынгоўцы пляскаюць у далоні і скандуюць «Выпускай!»

Прыхільнікі Ціханоўскага каля міліцыі.
Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»
Фота: «Белсат»

У будынак УУС міліцыянты пусцілі Мікалая Саляніка, палітыка з Горадні.

«Затрымалі 10 асобаў. З імі вядзецца праца. Развезлі іх па аддзелах міліцыі. Нікога не павезлі ў Менск. Мне сказалі, каб мы закончылі тут мітынг і разышліся. Я не ведаю, як паступіць цяпер», – распавёў Мікалай Салянік пасля размовы з міліцыянтамі ў будынку.

Людзі не хочуць разыходзіцца і маюць намер чакаць каля будынку міліцыі, пакуль не выпусцяць затрыманых.

Людзі кажуць, што міліцыянты не могуць затрымліваць асобаў больш чым на 3 гадзіны. Мікалай Салянік заклікае людзей разысціся а 21.55.

А 22 гадзіне людзі разыйшліся. Мікалай Салянік заклікаў людзей сабрацца на выходныя і патрабаваць вызвалення Сяргея Ціханоўскага.

Лукашэнка прагаварыўся?

Сёння Лукашэнка намякнуў на магчымае затрыманне Сяргея Ціханоўскага. Кіраўнік краіны раскрытыкаваў блогера, назваў яго «шалудзівым».

«Рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы з міліцыяй акуратней быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасць, дык адкажа. Мне ўжо цяжка прыходзіцца, стрымліваючы іх», – заявіў Лукашэнка падчас наведвання заводу МТЗ.

Hавiны
Лукашэнка назваў Ціханоўскага «шалудзівым», а пра Цапкалу сказаў, што ёсць на яго кампрамат
2020.05.29 19:52

Візіт у Горадню

Палітык і блогер Сяргей Ціханоўскі наведаў Горадню сярод іншых гарадоў краіны. Пікеты па зборы подпісаў за ягоную жонку, Святлану Ціханоўскую, стаяць тут ад аўторка. Але калі пачыналася ўсё з самотнага стала з адным перапісчыкам і чаргой, сёння прыхільнікі блогера запоўнілі ледзьве не палову плошчы, побач выраслі тры намёты, дадатковыя сталы, сімволіка ды калонкі з музыкай.

Сяргей Ціханоўскі ў Горадні.
Фота: «Белсат»

Святланы Ціханоўскай у Горадні не было, затое побач з намётамі стаялі яе фота ў поўны рост: людзі падыходзілі, рабілі здымкі. Апроч музыкі з калонак была і жывая: бард Анатоль Кудласевіч ездзіць разам са сп.Ціханоўскім па гарадах Беларусі і грае штораз на гітары. Некалькі маладзёнаў прыйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі, шмат у каго – цішоткі з Пагоняй або арнаментам.

Акцыя Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Фота: «Белсат»

«Ён мне не прэзідэнт, я яго не выбірала»

Цікава, што пару дзён таму за Ціханоўскую падпісвалася амаль выключна моладзь і людзі сярэдняга веку. Сёння ж прыйшло таксама багата пенсіянераў. У пэўныя моманты менавіта яны і задавалі атмасферу, эмацыйна распавядаючы пра свае злыбеды:

«Колькі ўжо можна?! – кажа сівая жанчына, – Я за Пазняка, напрыклад, галасавала некалі. За гэтага (дзейснага кіраўніка краіны – рэд.) не галасавала ніколі! Ён мне не прэзідэнт, я яго не выбірала. А Сяргей… чаму не? Ён прыязджае, слухае нас, моцны… Хай Бог яго беражэ!»

Акцыя Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Фота: «Белсат»

Шмат было і супрацоўнікаў спецслужбаў у цывільным. Некаторых удзельнікі сустрэчы з блогерам наўпрост выганялі з плошчы або закідвалі нязручнымі пытаннямі, пасля чаго тыя сыходзілі самі.

«Яму 20 з нечым гадоў, малады зусім, а ўжо прыйшоў! – кажа мужчына год 40-а з моцным целаскладам, – Я яму кажу: «Сынок, ты ж на мае падаткі тут стаіш, не сорамна?» Маўчыць. Адзін з іх, дарэчы, сказаў, што праз паў гады кідае гэтую працу і з’язджае з краіны. І ўцёк! Вось яны хай і з’язджаюць: я нікуды з’язджаць не збіраюся».

«Я – беларускі Ціханоўскі!»

Прабіцца да самога Сяргея Ціханоўскага не так проста. Амаль увесь час ён у шчыльным коле людзей і журналістаў, кожны з якіх хоча паразмаўляць з блогерам. Дэталёвай інфармацыі пра свае планы сп. Ціханоўскі людзям не даваў, спасылаючыся на тое, што яшчэ будзе і перыяд агітацыі, і вялікая прэс-канферэнцыя, калі ўсе пра ўсё пачуюць.

Мы спыталі ў сп. Ціханоўскага, як яму параўнанне з «беларускім Навальным».

«У Беларусі няма Навальнага, у Беларусі ёсць Ціханоўскі! – кажа блогер, – Мяне і з Зяленскім часам параўноўваюць. Часам – з Дудзём, з якім мы здымалі шмат інтэрв’ю: з гэтага менавіта ўсё і пачалося. Але я – беларускі Ціханоўскі!»

Акцыя Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Фота: «Белсат»

СК, АК belsat.eu

Стужка навінаў