СК высунуў абвінавачванні фігурантам «справы Ціханоўскага»


Следчы камітэт апублікаваў афіцыйны прэс-рэліз, прысвечаны «справе Ціханоўскага».

Па версіі СК, 29 траўня падчас пікету па зборы подпісаў у Горадні «было арганізавана правядзенне незаконнага грамадскага мерапрыемства, мітынгу, падчас якога здзейснены групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням міліцыі». У выніку пацярпелі два міліцыянта, сцвярджаюць у СК. Якія канкрэтна траўмы яны атрымалі ў прэс-рэлізе не ўдакладняецца.

Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам высунутае абвінавачванне па ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Дзеянні аднаго з іх дадаткова кваліфікаваныя следствам па арт. 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК.

«У ходзе следчых дзеянняў, вывучэння відэазапісаў з месца пікетавання, устаноўлена яшчэ адна асоба, якая ўжыла гвалт да супрацоўніка міліцыі, які дастаўляў затрыманых у службовы транспарт. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа», – адзначаецца ў паведамленні Следчага камітэту.

Да абвінавачаных ужытая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

Максімальнае пакаранне паводле ч. 1 арт. 342 КК – 3 гады пазбаўлення волі. Максімальнае пакаранне паводле арт. 364 КК – 6 гадоў пазбаўлення волі.

Hавiны
«Я хачу зноў стаць проста жонкай і мамай». Вялікае інтэрв’ю Святланы Ціханоўскай
2020.06.09 08:55
  • Блогер Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай. Затрыманне адбылося пасля таго, як адна з прысутных на пікеце жанчын справакавала канфлікт з Ціханоўскім, прыбылі міліцыянты, завязалася штурханіна. У выніку міліцыянт упаў. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных спраў. Паводле міліцыі, пацярпелі двое працаўнікоў, яны шпіталізаваныя.
  • Паводле праваабаронцаў, агулам у межах «справы Ціханоўскага» былі затрыманыя 10 чалавек. У іх прайшлі ператрусы. 4 чэрвеня падчас трэцяга ператрусу на лецішчы ў Сяргея Ціханоўскага ў Гомельскім раёне следчая група знайшла 900 тысяч долараў. Жонка блогера Святлана Ціханоўская назвала гэта правакацыяй.
  • Праваабарончыя арганізацыя Беларусі прызналі Ціханоўскага палітвязнем і патрабуюць ягонага вызвалення. Вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў таксама заклікаў Еўразвяз. Еўрапарламент папярэдзіў, што ў дачыненні службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі, могуць быць уведзеныя новыя санкцыі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў