Абвінавачаных па «справе Ціханоўскага» прызналі палітзняволенымі


Беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі 7-х абвінавачаных у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

У сумеснай заяве ад 9 чэрвеня беларускія праваабарончыя арганізацыі запатрабавалі неадкладнага вызвалення Сяргея Ціханоўскага, Дзмітрыя Фурманава, Вяргілія Ушака, Аляксандра Арановіча, Васіля Баброўскага, Арцема Сакава і Уладзіміра Навуміка. Іх пераслед праваабаронцы назвалі палітычна матываваным.

Паводле іх, падчас пікету 29 траўня ў Горадні пералічаныя грамадзяне не парушалі парадак збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. А сам пікет «адбываўся мірна, без парушэнняў грамадскага парадку, адпавядаў як патрабаванням нацыянальнага заканадаўства, так і стандартам мірных сходаў».

«Затрыманне ўдзельнікаў пікету адбылося пасля яўна незаконнага ўмяшання супрацоўнікаў міліцыі ў камунікацыю грамадзянаў з кіраўніком ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскім. Падзеі, якія папярэднічалі затрыманню – заявы дзейнага кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі на адрас Ціханоўскага, спроба перашкодзіць і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце з боку некалькіх жанчын, незаконнае ўмяшанне і затрыманне С. Ціханоўскага супрацоўнікамі міліцыі, дэманстратыўнае падзенне на зямлю міліцыянта і наступная рэакцыя на інцыдэнт дзяржаўных СМІ, дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага і ініыцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай магла быць здзейсненая правакацыя», – адзначаецца ў заяве.

Факты дазваляюць праваабарончай супольнасці зрабіць высновы аб наяўнасці палітычнага матыву з боку ўладаў у пераследзе чальцоў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, скіраваных на недабраахвотнае спыненне або змяненне іх публічнай дзейнасці, а таксама стварэнне перашкод для вылучэння Святланы Ціханоўскай у якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Акрамя таго, праваабаронца патрабуюць «неадкладнага аб’ектыўнага незалежнага расследавання дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі і тых удзельнікаў пікету, якія парушылі закон».

Hавiны
ЕЗ патрабуе вызваліць фігурантаў «справы Ціханоўскага»
2020.06.09 14:48
  • Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала правакаваць канфлікт з Сяргеем Ціханоўскім, які адмаўляўся адказваць на яе пытанні і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні да працаўніка органаў унутраных справаў.
  • Агулам у межах «справы Ціханоўскага» былі затрыманыя 10 чалавек, у іх адбыліся ператрусы. 9 траўня Следчы камітэты паведаміў, што Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364. Усе яны знаходзяцца пад вартаю.
  • Праваабарончыя арганізацыя Беларусі лічаць інцыдэнт у Горадні правакацыяй, яны прызналі Ціханоўскага палітвязнем і патрабуюць вызвалення блогера. Вызваліць Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў таксама заклікаў Еўразвяз. Еўрапарламент папярэдзіў, што ў дачыненні службовых асобаў, адказных за рэпрэсіі, могуць увесці новыя санкцыі.

КА belsat.eu

Стужка навінаў