Спецназаўцы хочуць сустрэцца з журналістамі, каб абараніць гонар Лукашэнкі


Беларускія спецназаўцы падчас экзамену на крапавы берэт на палігоне Валоўшчына ў верасні 2019 года. Ілюстрацыйнае фота – Наталля Фядосенка / ТАСС

Блогер «NEXTA» атрымаў копію заявы асацыяцыі ветэранаў спецназу з просьбай да Лукашэнкі аб дапамозе арганізацыі прэсавай канферэнцыі, на якой спецназаўцы збіраюцца абараніць гонар і годнасць кіраўніка Беларусі.

У апублікаванай у «Тэлеграме» заяве памочнік старшыні Асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння сцвярджаюць, што былы баец СОБРу Юрый Гараўскі даў інтэрв’ю нямецкаму выданню «Deutche Welle» аб выкраданні спецназаўцамі апазіцыйных палітыкаў, каб палепшыць сваю фінансаваю сітуацыю.

Асацыяцыя лічыць заяву Гараўскага інфармацыйнай атакай на суверэнітэт Беларусі ды гонар і годнасць яе кіраўніка.

«Мяркуем гэтую правакацыю наўмысна падрыхтаванай з боку пэўных сілаў, якія наўмысна намагаюцца дэстабілізаваць палітычны курс нашай краіны і нашага Прэзідэнта, аказаць ціск, што карэнным чынам непрымальна (стыль захаваны. – Заўв. «Белсат»)», – гаворыцца ў заяве.

Копія заявы Асацыяцыі ветэранаў спецыяльнага прызначэння МУС «Гонар» на імя Аляксандра Лукашэнкі

Паводле ветэранаў спецназу, каментар Дзмітрыя Паўлічэнкі журналістам на гэтую тэму быў недастатковым і неразгорнутым.

  • Увечары 16 снежня Дзмітрый Паўлічэнка ў каментары «Tut.by» сказаў, што Гараўскі сапраўды служыў у яго, але потым, маўляў, зганьбіў гонар войскаў, пачаўшы займацца вымагальніцтвам. Літаральна праз 10 хвілін у каментары для «Нашай Нівы» Паўлічэнка стаў адмаўляць тое, што ўвогуле ведаў Гараўскага. У дадатак заявіў, што ўвогуле не размаўляў з карэспандэнтам «Tut.by». Калі «Белсат» пазваніў на нумар Паўлічэнкі, то пачуў, што «гэта не Дзмітрый Валер’евіч».

Ветэраны спецназу просяць Аляксандра Лукашэнку дапамагчы арганізаваць сустрэчу з журналістамі, на якой збіраюцца абараніць гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі, чальцоў асацыяцыі, а таксама ветэранаў спецназу.

  • «Deutche Welle» 16 снежня апублікавала інтэрв’ю з Юрыем Гараўскім, які сцвярджае, што 20 гадоў таму байцы спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі выкралі і забілі экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю. Мужчына таксама назваў месцы забойства і пахавання ахвяраў.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў