«За забойства Ганчара атрымалі па 1000 долараў». «DW» паказала споведзь удзельніка «эскадронаў смерці»


«Deutche Welle» паразмаўляла з мужчынам, які сцвярджае, што 20 гадоў таму як баец СОБРу ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве беларускіх апазіцыйных палітыкаў.

Журналісты нямецкага выдання паразмаўлялі з чалавекам, які называе сябе былым байцом беларускага спецатраду хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім. Мужчына заяўляе, што ўвесну 1999 года байцы спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі выкралі і забілі экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю.

Злева Дзмітрый Паўлічэнка, побач Юрый Караеў, цяперашні кіраўнік МУС. Эксперты мяркуюць, менавіта ён мог быць кіраўніком або адным з кіраўнікоў «эскадрону смерці». Фота sb.by

Паводле словаў героя рэпартажу, загад аб затрыманні палітыкаў і бізнесоўцы байцам аддаваў стваральнік СОБРу падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. Ён жа, як заяўляе Гараўскі, і застрэліў крытыкаў Аляксандра Лукашэнкі.

Мужчына перакананы, што пра забойствы ведалі тагачасныя кіраўнік МУС Юрый Сівакоў і сакратар Савету бяспекі Віктар Шэйман. Мужчына дадае, што імаверна пра гэта ведаў і сам Лукашэнка, але не бярэцца сцвярджаць пра гэта з упэўненасцю.

«Усе загады аддаваліся ў вуснай форме. Ніякіх пісьмовых пацверджанняў, відэазапісаў, пратаколаў – нічога такога няма», – дадае Гараўскі.

Герой матэрыялу «Deutche Welle» дэманструе спіс удзельнікаў «эскандрону смерці». Кадр відэарэпартажу

Паводле мужчыны, Захаранку забілі на палігоне каля вёскі Валоўшчына пад Менскам, а потым адвезлі на Паўночныя могілкі. Ганчара і Красоўскага забілі і пахавалі на вайсковай базе за пяць кіламетраў ад Бягомля, дзе ў той час базаваўся СОБР.

З 1994 года Шэйман знаходзіцца побач з Лукашэнкам. Большасць паплечнікаў, з якімі Лукашэнка прыйшоў да улады, ўжо даўно адышлі ад спраў, а Шэйман застаецца ў кадравай абойме прэзідэнта. Фота president.gov.by

Дзмітрый Паўлічэнка забіваў ахвяраў двума стрэламі ў сэрца з пісталета з глушыцелем.

Мужчына кажа, што байцы СОБРу не ведалі, кім былі Ганчар і Красоўскі.

«Мы не ведалі. Я тады і прозвішча Ганчара не ведаў. Потым Паўлічэнка распавёў, што гэта быў Ганчар, а пра Красоўскага ён наагул нічога не казаў. А дні праз тры Паўлічэнка прыехаў і кажа: «Вось вам, хлопцы, за Ганчара і Красоўскага». І дае нам па тысячы долараў», – дадаў ён.

Гараўскі заяўляе, што яму 41 год, гэта ягонае сапраўднае імя, і ён не хоча яго хаваць. Ён кажа, што цяпер у адной з краінаў Еўропы, якая разглядае ягоную просьбу аб палітычным прытулку.

Hавiны
Што трэба ведаць пра «эскадроны смерці» ў Беларусі. Галоўнае
2019.05.07 09:27
  • Апазіцыйныя лідары Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Дзмітрый Завадскі бясследна зніклі ў 1999-2000 гадах. Позна ўвечары 7 траўня 1999 года Юрый Захаранка ў раёне праспекта Жукоўскага ў Менску быў выкрадзены і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым напрамку.
  • У ноч на 17 верасня 1999 года ў раёне вуліцы Фабрычнай 20а былі выкрадзеныя палітык Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі.
  • Днём 7 ліпеня 2000 года, па дарозе ад свайго дому ў Менску ў аэрапорт журналіст Дзмітрый Завадскі быў захоплены групай узброеных людзей у колькасці 5-6 чалавек, сярод якіх былі дзейны баец спецпадраздзялення для барацьбы з тэрарызмам «Алмаз» МУС Рэспублікі Беларусь Максім Маліка і былы афіцэр гэтага ж падраздзялення Валерый Ігнатовіч. Трупы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага дагэтуль не знойдзеныя.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў