Кіно на тэлеканале «Белсат» можна глядзець праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4») або онлайн.
Калі вы зусім «плаваеце» ў рэлігійнай тэматыцы, гэты фільм для вас. У ім паказаныя тры апошнія гады жыцця Ісуса Хрыста, цуды і размовы з апосталамі. Вядома, экранізацыя не заменіць першакрыніцаў (якім сцэнар не заўсёды адпавядае), але агульнае ўражанне па тэме атрымаеце. Заадно паглядзіце на Хрыста, які жартуе і п’е віно.
Што за фільм: «Божая цярніна» («La espina de Dios»)
(мастацкі, рэж. Оскар Пара дэ Карысоса (Óscar Parra de Carrizosa), 2015 г., Іспанія)
Калі глядзець: пятніца, 19 красавіка, а 22:05
Пры дапамозе якіх эксперыментаў навукоўцы высвятляюць, хто мае схільнасці хлусіць, а хто – не? Эксперты вывучаюць прычыны і наступствы нашых паводзінаў: ад дробнай маны дзеля добрай справы да катастрафічных наступстваў ілжы. А калі апошні раз сказалі няпраўду?
Што за фільм: «(Не)Сумленнасць: уся праўда пра ману» («(Dis)Honesty: The Truth About Lies»)
(дакументальны, рэж. Яэль Мэлямэд (Yael Melamede), 2015 г., ЗША)
Калі глядзець: субота, 20 красавіка, а 19:30
Калі вы яшчэ не бачылі фільм, дзе Кіра Найтлі грае былую дзяўчыну рок-зоркі, то самы час паглядзець яго па-беларуску. Легенда шоў-бізнесу Дэн трапіў у паласу няўдач і ў працы, і ў сямейным жыцці. Грэту, былую дзяўчыну рок-зоркі, ён сустракае ў вечар, якім яна сышла ад свайго хлопца, даведаўшыся пра яго здраду. Для пачатку яны запісваюць разам альбом – без грошай, прафесіянальных музыкантаў і студыі. Іх студыяй становяцца вуліцы Нью-Ёрку.
Што за фільм: «Пачні зноў» («Begin again»)
(мастацкі, Рэжысёр Джон Карні (John Carney), ЗША, 2013 г.)
Калі глядзець: субота, 20 красавіка, а 21:45
Катастрофа сусветнага маштабу, якая назаўсёды змяніла лёс Беларусі. Падавалася б, за гэтыя гады было сказана ўсё, што можна сказаць. Але аўтарцы дакументальнай драмы Святланы Усенка ўдалося запісаць эксклюзіўныя інтэрв’ю з відавочцамі, якія дажылі да 30-годдзя той страшнай красавіцкай ночы 1986-га…
Што за фільм: «Расшчэпленыя на атамы», 3 часткі
(дакументальны, рэж. Сяргей Сатнічэнка, 2014 г., Украіна)
Калі глядзець: серада, 24 красавіка, а 21:40, чацвер, 25 красавіка, а 21:45, пятніца, 26 красавіка, а 22:00
Сярод беларусаў ёсць тыя, каго пасля смерці царква ці касцёл прызналі святымі. І некаторыя з гэтых асобаў жылі зусім нядаўна, у ХХ ст. Мы знайшлі людзей, якія іх памятаюць, а таксама іхных сваякоў. Якімі былі святыя беларусы пры жыцці?
Што за праграма: ток-шоу «Кожны з нас»
Калі глядзець: пятніца, 26 красавіка, а 18:25
Натхнёная сапраўднымі падзеямі і абсыпаная міжнароднымі ўзнагародамі, кранальная, поўная аптымізму і гумару гісторыя хлопца з абмежаванымі магчымасцямі, які нягледзячы на цяжкасці ў камунікацыі са знешнім светам, даказвае як многа можа зрабіць сіла людскога духу.
Калі Матэўш прыйшоў на свет, лекары выдалі яму прысуд, назваўшы яго «раслінай». Але бацькі хлопца ніколі не пагадзіліся з дыягназам і верылі, што нягледзячы на цяжкасці ў камунікацыі, іхны сын не абмежаваны інтэлектуальна. Матэўш расце атулены любоўю. Аднак лёс складаецца так, што ён вымушаны развітацца з сям’ёю і трапляе ў спецыялізаваны цэнтр. У далечыні ад родных Матэўш вымушаны змагацца за годнасць і права на нармальнае жыццё. Усё зменіцца пасля таго, як у цэнтры пачынае працаваць маладая валанцёрка, а ён сам прыцягне ўвагу доктаркі, якая працуе над эксперыментальнымі метадамі лячэння.
Што за фільм: «Хочацца жыць» («Chce się żyć»)
(мастацкі, рэж. Мацей Пепшыца (Maciej Pieprzyca), Польшча, 2013 г.)
Калі глядзець: пятніца, 26 красавіка, а 22:50
Маці і дачку звязваюць складаныя пачуцці. Ключавым момантам робіцца сустрэча з кімсьці трэцім, чужым. Гэта дасведчаны псіхатэрапеўт, прафесар, які забірае іх у нялёгкае падарожжа да паляпшэння стасункаў маці і дачкі. Стужку прызналі найлепшым дакументальным фільмам 2016 г. на Кракаўскім кінафестывалі.
Што за фільм: «Ты нават не ведаеш, як моцна я цябе люблю» («Nawet nie wiesz jak bardzo Cię kocham»)
(дакументальны, рэж. Павэл Лазіньскі (Paweł Łoziński), 2016 г., Польшча)
Калі глядзець: субота, 27 красавіка, а 19:05
Дзеянні фільма разгортваюцца ў Англіі ў 1934-1946 гг. Пахаванне бацькі зводзіць у адным доме сясцёр Мадлэйн і Дайну. Мадлэйн спрабуе атуліць сястру ўвагай і клопатам (не без дапамогі свайго мужа Рыкі). Пакрысе Рыкі пачынае прымаць Дайну не толькі як сваячку, але і як жанчыну – прывабную, таямнічую ды не такую халодную, як уласная жонка. Рыкі і Дайна закаханыя, але гэтыя пачуцці прынясуць ім толькі гора.
Што за фільм: «У самае сэрца» («The Heart of Me»)
(мастацкі, рэж. Тадыюс О’Саліван (Taddeus O.Sallivan), Вялікая Брытанія, 2002 г.)
Калі глядзець: нядзеля, 28 красавіка, а 21:30
ІА, belsat.eu