Прэзідэнта Малдовы адхілілі ад пасады, у краіне прызначаныя датэрміновыя выбары


Канстытуцыйны суд Малдовы часова адхіліў ад пасады прэзідэнта Ігара Дадона і прызначыў дзейнага прэм’ер-міністра Паўла Філіпа выконваючым абавязкі кіраўніка дзяржавы. Дадон лічыць рашэнне аб перадачы прэзідэнцкіх паўнамоцтваў Паўлу Філіпу ўзурпацыяй улады.

Павел Філіп у сваю чаргу падпісаў 9 чэрвеня ўказ аб прызначэнні на 6 верасня датэрміновых парламенцкіх выбараў.

Ігар Дадон. Крыніца – REUTERS/Gleb Garanich/File Photo

Раней Канстытуцыйны суд Малдовы пастанавіў, што прэзідэнт абавязаны распусціць парламент і прызначыць дату датэрміновых выбараў, калі на працягу трох месяцаў пасля абвяшчэння вынікаў выбараў парламент не зможа сфармаваць новы ўрад. Згодна з пастановай КС, трохмесячны тэрмін скончыўся ў ноч на 8 чэрвеня, адзначае Бі-бі-сі.

Тым не менш, дэпутаты ад прарасейскай Партыі сацыялістаў і правага блока ACUM у суботу склікалі пасяджэнне парламента, абралі яго кіраўніцтва і зацвердзілі працоўныя органы. Акрамя таго, парламент зацвердзіў склад новага ўрада па чале з прэмʼер-міністаркай Маяй Санду. У той жа дзень Канстытуцыйны суд прызнаў гэтыя рашэнні незаконнымі.

Відэа
Як скралі перамогу малдаўскай апазіцыі. Інтэрв’ю з Маяй Санду
2019.03.07 15:58

Санду лічыць урад легітымным і заклікала праваахоўныя органы не выконваць незаконных загадаў. Дадон дапускае, што можа заклікаць сваіх прыхільнікаў на абарону «легітымных прэзідэнта, парламента і ўрада».

«Нашыя прыхільнікі з раёнаў хочуць прыехаць у Кішынэў. Нават сёння хацелі прыехаць. Іх не прымушаюць, у адрозненне ад тых, хто сёння знаходзіцца на плошчы. Але мы вырашылі не сутыкаць людзей. Ці будзем заклікаць у наступныя дні – усё залежыць ад дзеянняў, якія рушаць услед», – адзначыў ён.

Ігар Дадон таксама заявіў, што суддзі КС адкажуць перад законам за тыя рашэнні, якія яны прынялі за мінулыя два дні.

«За тое, што яны зараз зрабілі, пазней яны прачнуцца з крымінальнымі справамі. Вы думаеце, што Плахатнюк будзе ўсё жыццё трымаць вам «дах»?» – цытуе Дадона tv8.md.

Отчаянный шаг воспользоваться подконтрольным Конституционным судом в целях дальнейшей узурпации власти.Единственный выход – внешняя и внутренняя мобилизация, давление и жесткий отпор узурпаторам…

Opublikowany przez Dodona Igor Niedziela, 9 czerwca 2019

Яшчэ ў ноч на нядзелю прыхільнікі апазіцыйнай Дэмакратычнай партыі ўсталявалі намёты каля некаторых міністэрстваў і будынкаў праваахоўных органаў у Кішынёве. Цяпер у цэнтры сталіцы адбываецца масавы мітынг апазіцыі. Лідар Дэмакратычнай партыі, алігарх Улад Плахатнюк абвінаваціў Дадона ў дзяржаўным перавароце і назваў здраднікам.

«Гэта дзяржаўны пераварот, які каардынуе Ігар Дадон, зялёны чалавечак, якім кіруюць звонку. Ён усё яшчэ думае, што ён прэзідэнт краіны. Ён больш не прэзідэнт», – адзначыў Плахатнюк, звартаючыся да сваіх прыхільнікаў, піша agora.md.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў