Праз затрыманне заробкаў на менскім прадпрыемстве бастуюць рабочыя


Паводле працаўнікоў фірмы па вытворчасці дзвярэй «ВКТ Канстракшн», заробкі не выплачваюць ужо некалькі месяцаў. Страйкаваць працаўнікі заводу маюць намер да таго часу, пакуль ім не выплацяць усе належныя грошы. Кіраўніцтва прадпрыемства не пацвярджае факту забастоўкі.

Паводле работнікаў «ВКТ Канстракшн», з учорашняга дня стаіць вытворчасць.

«Мы ўжо другі дзень бастуем – два цэхі стаяць. Нам некалькі месяцаў не выплачваюць заробак. За верасень нейкія капейкі далі, на гэтым усё», – распавёў Tut.by адзін з удзельнікаў страйку.

Работнікі кажуць, што паводле кантракту заробак ім павінныя выплочваць 10 чысла кожнага месяца.

«Дырэктар сказаў, каб мы на кантракт не глядзелі, ён будзе нам плаціць 25 чысла. Але 25 кастрычніка ўжо даўно прайшло, не кажучы ўжо пра верасень, а грошай няма, – распавядае адзін з забастоўшчыкаў. – 25-га давалі грошы толькі пару разоў. У нас лопнула цярплівасць».

Тое, што вытворчасць стаіць, журналістам пацвердзіў яшчэ адзін работнік.

«Цэх дрэваапрацоўкі і металаапрацоўкі стаяць, – кажа мужчына. – Свае абавязкі – плаціць зарплату – кіраўніцтва выконваць не хоча. Замовы ў прадпрыемства ёсць, адгрузкі ідуць. Але дырэктар кажа, што грошай у нас няма».

Супрацоўнікі прадпрыемства заяўляюць, што праблемы з выплатамі з’явіліся пасля змены кіраўніцтва, а гэтая забастоўка – не першая.

«Мінулым разам мы страйкавалі летам. Цэлы тыдзень не працавалі. Потым нам выдалі частку запазычанасці па зарплаце. Мы пачалі працаваць. Крыху пазней аддалі астатнія грошы., – кажуць людзі. – Мы працаваць не хочам, няма матывацыі ніякай. Нас прыкладна 80 чалавек. І ўсім не даюць заробак».

Работнікі распавялі, што заробкі ў іх не фіксаваныя – кожны месяц яны атрымліваюць розную суму.

«Часам бывае пад 1000 рублёў выходзіць. А за верасень далі пакуль толькі голы аклад. Я атрымаў менш 400 рублёў на рукі. За кастрычнік разлік быў, там пабольш выйшла, каля 900 рублёў на рукі. Але гэта толькі са слоў начальства, разліку я не бачыў, – кажа працаўнік. – Кампанія займаецца ў асноўным вытворчасцю дзвярэй. Але і тавары народнага спажывання таксама вырабляем – талеркі з дрэва, днушкі і гэтак далей».

Праз сітуацыю з заробкамі, як распавядаюць працаўнікі, некаторыя звальняюцца.

«Застаюцца ў асноўным тыя, хто доўга тут працуе, – дадае адзін з забастоўшчыкаў. – Я яшчэ трошкі пачакаю. Калі сітуацыя не зменіцца, таксама звольнюся».

Кіраўніцтва прадпрыемства заявіла журналістам, што забастоўкі няма.

«Я цяпер на заводзе, ніякага страйку не назіраю, – сказаў намеснік дырэктара прадпрыемства. – Не выключана, што ў нас на два–тры тыдні ёсць затрыманні па заробках. Але пацвердзіць факт, што людзі не атрымалі заробак за верасень, я не магу. Завод вялікі, працуе 150 чалавек. Аднаму работніку маглі яшчэ нешта недаплаціць, а іншаму – ужо ўсё выплаціць. Але рабочыя – гэта такая катэгорыя людзей, якая любіць абагульняць і рабіць з прыватнага выпадку нейкую агульную карціну. У нас сёння запланаваныя тры адгрузкі. Ідзе праца, фарбуюцца дзвярныя скрынкі, пакуюцца палатна. Не ведаю, хто ў нас стаіць».

ДД

Стужка навінаў