Паводле МНС, уначы на 13 сакавіка ў Беларусі назіраўся моцны вецер парывамі да 25 метраў на секунду. Стыхія прывяла да пашкоджанняў дахаў дамоў і падзення дрэваў па ўсёй краіне. Выратавальнікі адзначаюць, што пацярпелых пасля ўрагану няма.
У выніку ўраганнага ветру, парывы якога ўначы дасягалі нават 25 метраў на секунду, пашкоджаныя дахі трох жылых дамоў у Менскай вобласці. Выратавальнікі зафіксавалі больш за паўсотні падзенняў дрэваў у выніку якіх пашкоджаныя 2 легкавыя аўтамабілі.
Паводле «Белэнерга» 1128 населеных пунктаў заставаліся без электрычнасці.
«Энергетыкі працавалі ўсю ноч ва ўзмоцненым рэжыме і працягваюць працаваць над аднаўленнем электразабеспячэння. Па стане на шостую гадзіну раніцы 13 сакавіка ідзе праца па аднаўленні электразабеспячэння 162 населеных пунктаў, 107 з якіх знаходзяцца ў Віцебскай вобласці», – цытуе БелТА «Белэнерга».
У пункце пропуску «Мядзінінкай» на беларуска-літоўскай мяжы (з беларускага боку «Каменны Лог») ўначы было прыпыненае афармленне транспарту. Праз моцны вецер памежнікі засталіся без электрычнасці.
СК belsat.eu