28 лютага ў Менску Міністэрства аховы здароўя арганізавала прэс-канферэнцыю пасля таго, як стала вядома пра першы выпадак заражэння каронавірусам у Беларусі. Кіраўнік Мінздароўя распавёў, што ў студэнта БНТУ з Ірану, які стаў беларускім «пацыентам 0», няма клінічных сімптомаў каронавіруса.
«У пацыента няма клінічных сімптомаў. На сённяшні момант яго нічога не турбуе. Ён нават размясціў з гэтай нагоды зварот у сацыяльных сетках і тэлеграм-канале», – заявіў міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік.
Таксама кіраўнік міністэрства паведаміў, што 26 аднагрупнікаў іранскага студэнта і 7 выкладчыкаў БНТУ былі шпіталізаваныя.
Паводле прадстаўнікоў міністэрства, 28 лютага ва ўстановы аховы здароўя звярнулася 28 асобаў, якія меркавалі, што ў іх каронавірус. 16 з іх былі шпіталізаваныя ў «прэвентыўных мэтах».
27 лютага ў студэнта БНТУ з Ірану афіцыйна пацвердзілі заражэнне каронавірусам.
ЮВ belsat.eu