Беларусь разлічвае ў бліжэйшы час дамовіцца аб уступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю «з усімі асноўнымі ўдзельнікамі».
«Мы задаволены гэтымі перамовамі. Па сутнасці, у бліжэйшы час, напэўна, узгоднім нашу пазіцыю з усімі асноўнымі ўдзельнікамі, акрамя ЗША», – заявіў першы намеснік прэм’ер-міністра Васіль Мацюшэўскі ў тэлеэфіры канала «Беларусь 1», паведамляе БелТА.
«У ЗША свая асаблівая пазіцыя, якую мы яшчэ будзем канкрэтызаваць з імі», – дадаў першы віцэ-прэмʼер, аднак не ўдакладніў, у чым яна заключаецца.
Беларусь – апошняя краіна Еўропы, якая спрабуе ўступіць у СГА. Перамовы аб уступленні пачаліся яшчэ ў 1993 годзе, у 2015 годзе яны актывізаваліся. Між тым Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў сумненні аб неабходнасці далучэння Беларусі да СГА. «Некаторыя мае калегі ў вузкім коле, калі мы абмяркоўваем гэтае пытанне, кажуць, што СГА фактычна сябе вычарпала», – адзначыў, у прыватнасці, Лукашэнка 29 сакавіка 2016 года.
ІІ, belsat.eu