БХД будзе дамагацца, каб арыштаванага аўтара сайту 1863x.com прызналі палітычным вязнем.
Такія вынікі першага паседжання грамадскага камітэту «Свабоду Эдуарду Пальчысу», якое адбылося 13 чэрвеня ў Менску ў офісе Партыі БНФ. Камітэт прыняў шэраг рашэнняў па правядзенню кампаніі салідарнасці з блогерам.
Паводле Паўла Севярынца, калі стваральніка 1863x.com прызнаюць палітвязнем, ёсць вялікая імавернасць, што яго выпусцяць да парламенцкіх выбараў.
«Паступіла інфармацыя, што пасля нашай акцыі салідарнасці Пальчыса перавялі ў Жодзіна. Гэта вельмі дрэннае месца», – сказаў Севярынец.
Севярынец прапанаваў правесці грамадскую экспертызу 21 чэрвеня – гісторыкі і лінгвісты азнаёмяцца са зместам сайта Пальчыса і зробяць заключэнне пра правамернасць абвінавачванняў у ягоны адрас.
Адным з крокаў таксама мае стаць паручніцтва знакамітых беларусаў.
«Мы павінны звярнуцца да Святланы Алексіевіч, Уладзіміра Арлова, Змітра Вайцюшкевіча ды іншых», – сказаў Севярынец.
Зміцер Дашкевіч прапанаваў правесці акцыю ля Галоўпаштамта.
«Яго артыкуламі захапляліся тысячы беларусаў, а на акцыю салідарнасці прыйшлі сямёра. Мы павінны без асацыяцыі з палітычнымі рухамі правесці акцыю: каб мінакі падпісвалі паштоўкі Пальчыса, якія мы адправім у Жодзіна», – сказаў ён.
На сайце 1863х.com публікаваліся матэрыялы з крытыкай беларускіх і расейскіх уладаў. У лістападзе 2015 года ён паведаміў пра затрыманне КДБ і прымусовае знаходжанне ў псіхічным шпіталі. Пасля гэтага ён пераехаў ва Украіну. У студзені 2016 года яго арыштавалі ў Расеі, а на пачатку чэрвеня экстрадавалі ў Беларусь.
9 чэрвеня пад сценамі СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага адбыўся пікет салідарнасці з Эдуардам Пальчысам.
11 чэрвеня яго перавялі з СІЗА ў жодзінскую турму. Хлопцу пагражае да 5 гадоў турмы за распальванне нацыянальнай варожасці.