Сёння індыйская ракета знішчыла спадарожнік-мішэнь на арбіце Зямлі, што стала нагодаю для афіцыйнай заявы кіраўніцтва Індыі пра далучэнне да клубу касмічных дзяржаваў.
Індыя гэткім чынам стала толькі 4-ай у спісе краінаў, якія выкарысталі зброю ў космасе – пасля ЗША, Савецкага Саюзу і Кітаю.
Азіяцкая краіна з насельніцтвам 1,3 млрд чалавек ужо шмат гадоў развівае сваю касмічную праграму і ракетную зброю, у 2014 годзе яна адправіла аўтаматычны модуль на Марс, а ў 2022 годзе плануе самастойна вывесці ў касмічную прастору карабель з касманаўтамі.
Аднак менавіта выпрабаванне зброі ў космасе выклікала занепакоенасць дзяржаў, назіральнікаў і медыяў. У той час, калі ЗША і Расея адмовіліся каментаваць гэтую падзею, сусед Індыі Кітай заявіў: ён спадзяецца, што ўсе краіны «змогуць абараніць надзейны мір і спакой у космасе».
Матыватарам развіцця антыспадарожнікавай зброі Індыі стала кітайскае выпрабаванне 2007 года, лічыць працаўнік Інстытуту абарончых даследаванняў і аналізу ў Дэлі Аджай Леле.
Тады Кітай, які лічыцца рэгіянальным канкурэнтам Індыі, збіў спадарожнік-мішэнь, праз што стварыў самае вялікае ў гісторыі воблака смецця ў космасе – больш за 3000 адломкаў. Кітай – вайскова-тэхнічны і палітычны партнёр Пакістану, з якім Індыя ўжо мела некалькі войнаў і памежных канфліктаў.
Толькі ў лютым гэтага года Індыя і Пакістан абмяняліся авіяўдарамі ў Кашміры, адбываліся сутычкі і на зямлі. Гэткім чынам Індыя праз уласную праграму касмічнай зброі намагаецца зліквідаваць сваё магчымае тэхналагічнае адставанне ад кітайска-пакістанскага блоку. Адзначым, што ўсе тры краіны маюць і атамную зброю.
Піянерам жа ў сферы знішчэння спадарожнікаў былі ЗША, якія правялі першыя выпрабаванні антыспадарожнікавай ракеты ў 1959 годзе, прычым з выкарыстаннем ракеты, якую планавалася ўзброіць атамнаю боегалоўкай. Потым амерыканцы зрабілі стаўку ўжо на звычайныя дакладныя боепрыпасы вялікай дакладнасці, з дапамогаю якіх рэальна збілі ўласны спадарожнік-мішэнь у 1985 годзе.
Аналагічныя выпрабаванні СССР праводзіў у 1960–1970-х гадах.
З самага пачатку сваёй гісторыі касмічная гонка мела беспасярэдняе вайсковае і прапагандысцкае вымярэнне. Яна дэманстравала, што тая або іншая краіна мае тэхнічныя магчымасці адправіць ракету на неверагодную адлегласць і вышыню, а таксама потым кіраваць яе палётам.
Адначасова з развіццём сістэмаў супрацьпаветранай абароны рэзка знізіліся магчымасці самалётаў-выведнікаў, але пашырэнне сістэмаў тэлекамунікацыі дало вайскоўцам новую магчымасць – сачыць за праціўнікам з космасу, куды не далятаюць ракеты варожай СПА.
Апроч таго, існуе панятак «лініі Кармана» – 100 км ад Зямлі, – прыблізна на такой вышыні, як лічыць вялікая частка міжнародных арганізацыяў, заканчваецца атмасфера нашай планеты і пачынаецца космас. А, значыць, на гэтай вышыні заканчваюцца і дзяржаўныя межы – лятай і здымай унізе ўсё, што заўгодна.
Таксама спадарожнікі сталі выкарыстоўваць не толькі для выведкі, адсочвання рухаў праціўніка і стварэння мапаў чужой тэрыторыі, але і для ўсіх відаў сувязі, у тым ліку для навігацыі ды арыентавання ў прасторы.
Гэткім чынам удар па варожых спадарожніках не толькі можа пазбавіць вашага ворага карыснай фота- і відэаінфармацыі, але і ператварыць жаўнераў, танкі, самалёты і караблі ў статак, які не разумее, дзе ён і куды мусіць рухацца. За імгненне ў выніку знішчэння спадарожнікаў і дробныя баявыя падраздзяленні, і магутныя шматтысячныя злучэнні могуць застацца без сувязі са сваймі камандзірамі, а камандзіры – без сувязі міжсобку і з падначаленымі.
Менавіта ўлічваючы гэтую небяспеку, у апошнія гады афіцэры Вайскова-марскога флоту ЗША, напрыклад, зноў пачалі вучыцца арыентавацца ў моры паводле магнітнага компасу і зорак – як гэта рабілі маракі сотні гадоў таму. Адначасова амерыканскія генералы сталі гаварыць пра выхаванне афіцэраў і жаўнераў у атмасферы імправізацыі ды самастойнасці, бо гэта можа стаць вырашальным фактарам пры адсутнасці сувязі.
Яшчэ больш гэта актуальнае для беларускай арміі, улічваючы яе хранічнае недафінансаванне і невялікую колькасць беларускіх спадарожнікаў на арбіце.
Аляксандр Гелагаеў belsat.eu