Ужо з месяц адная з самых абмеркаваных тэмаў у беларускіх медыях і сацыяльных сетках – лёс скульптуры гарадавога, усталяванай у сакавіку 2017 года да 100-годдзя беларускай міліцыі насупраць будынку Міністэрства ўнутраных справаў. З аднаго боку міліцыянты ледзь не барыкады акапалі каля помніку, з іншага – грамадскія актывісты вынаходзяць усё новыя спосабы яго ўшчыкнуць.
Акцыі грамадскіх актывістаў супраць скульптуры пачаліся неўзабаве пасля яе адкрыцця. Але найбольшы рэзананс сітуацыя вакол помніка атрымала ў лістападзе. Спачатку з’явілася відэа, на якім 16-гадовы падлетак просіць прабачэння ў помніка гарадавому за тое, што пляснуў яму па твары.
Байнэт адрэагаваў флэш-мобам #памятникпрости і петыцыяй за знос помніка, а менчукі пачалі апранаць на гарадавога шалікі, спрабавалі яго расцалаваць і нават усклалі пахавальны вянок.
Праз нейкі час стала вядома, што кіраўнік Упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгій Яўчар страціў сваю пасаду. Нібыта праз скандал з падлеткам.
Праз нейкі час на сайце міністэрства з’явілася інфармацыя пра тое, што «скульптура «Менскі гарадавы» – удалае месца для памятнага здымку».
Раніцай 6 снежня на ўсё тым жа афіцыйным сайце МУС публікуецца артыкул пра «танны піяр» удзельнікаў флэш-мобаў, «нездаровы ажыятаж» да скульптуры ды цяжкі лёс гарадавога.
А на сустрэчы з журналістамі міністр Анатоль Шуневіч сказаў, што гэта была ягоная ідэя – стварыць відэа, дзе падлетак выбачаецца перад помнікам. Для чаго? «А для таго», – аргументаваў Шуневіч.
«Калі б гэта было дзіўна, я б гэтага не рабіў, я адэкватны чалавек», – падкрэсліў кіраўнік МУС на выпадак, калі раптам у каго ўзніклі пытанні.
Беларускі сацыёлаг Сяргей Нікалюк разглядае справу менскага гарадавога ў рэчышчы вайны сімвалаў, якая вядзецца ў краіне ад моманту аднаўлення Беларуссю незалежнасці ў 90-я гады. Спачатку яна праявілася пад уплывам БНФ у прыняцці бел-чырвона-белага сцягу, а пасля перамога Аляксандра Лукашэнкі адразу ж прывяла да замены сімвалаў.
«Сфармаваная за 25 гадоў так званая беларуская мадэль ніякага плюралізму і ніякай разнастайнасці меркаванняў не дапускае. Яна для яе смяротна небяспечная. Тыя людзі, якія ўтрымліваюць у нас уладу, могуць здзяйсняць свае ўладныя паўнамоцтвы толькі ва ўмовах манаполіі. У тым ліку самай галоўнай – манаполіі на ісціну і сімвалы», – адзначыў эксперт у размове з Belsat.eu.
«Тое, што вы называеце грамадскім меркаваннем, для прадстаўнікоў дзяржавы – купка маргіналаў. Улада не прызнае расколу беларускага грамадства. Яна пастаянна паўтарае: беларускае грамадства еднае, што праяўляецца ў тым, як яно сплацілася вакол фігуры кіраўніка дзяржавы», – заявіў суразмоўца.
А ў супрацьвагу «пятай калоне», «купцы адшчапенцаў» ды «ворагам народу» ва ўладаў ёсць свая грамадзянская супольнасць: БРСМ, афіцыйныя прафсаюзы, жаночыя і ветэранскія арганізацыі.
«Яны што, асудзілі гэта? А якое ёсць яшчэ грамадскае меркаванне і грамадзянская супольнасць з пункту гледжання ўладаў? А калі трэба правесці апытанне, дык яго правядуць і апублікуюць. І абсалютная большасць, паводле апытання, у дадзеным выпадку будзе на баку МУС», – заключыў сацыёлаг Сяргей Нікалюк.
Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі ў каментары Belsat.eu адзначыў, што нават у сённяшняй сітуацыі ў МУС ёсць магчымасць падправіць свой імідж.
Гэтак, міністэрству трэба запусціць інфармацыйную кампанію. Хоць яе трэба было зрабіць яшчэ перад устаноўкай помніка. Але цяпер, замест відэа з прабачэннямі, можна зрабіць некалькіх сямейных сэлфі. Запусціць такі флэш-моб. А таксама сапраўды выконваць тое, што напісана на сайце міністэрства.
«Апошнім часам гэта незабыўнае фота было незабыўным за кошт адміністрацыйнай адказнасці ці яе пагрозы. А можна зрабіць так, каб гэта быў проста прыемны ўспамін», – падкрэсліў Паўлюк Быкоўскі.
МГ, Belsat.eu