Габрэйскія надмагіллі знайшлі ў Горадні пры будаўніцтве стаянкі


Будаўнікі каля сваёй знаходкі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Падчас пашырэння паркоўкі пры вуліцы Вялікая Траецкая будаўнікі знайшлі некалькі камянёў з надпісамі і звярнуліся да журналістаў. Аказалася, што гэта старажытныя надмагіллі на месцы найстарэйшага ў горадзе габрэйскага некропалю.

Месца ў Горадні, расчышчанае пад паркінг. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Дзесяцігоддзямі на гэтым месцы была пустка, зараз жа гарадскія ўлады вырашылі пашырыць месца паркінгу ў цэнтры старога гораду. Будаўнікі распавядаюць, што не капалі глыбока: адно зрабілі невялічкія траншэі, каб пакласці ходнікі па перыметры паркоўкі. Па ходу працы трапілася некалькі вялікіх камянёў, два з іх – з надпісамі.

«Мы і не здагадваліся нават, што гэта такое, – распавядае будаўнік гадоў 50-ці, – А тут – надпісы незразумелыя… Адкацілі на бок, палілі вадой, каб можна было хоць нешта прачытаць».

Знойдзеныя надмагіллі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Надпісы на камянях зробленыя на ідыш, а на гэтым месцы былі найстарэйшыя габрэйскія могілкі ў Горадні, якія пачалі расці ў эпоху Вітаўта, калі ў горадзе над Нёмнам з’явіліся першыя габрэі. Падчас вайны, калі тут было гета, могілкі былі зруйнаваныя: частку камянёў пусцілі на гаспадарчыя патрэбы, а частка, відаць, так і засталася ляжаць неглыбока пад зямлёю, – робіць выснову эксперт.

«Гэта класічны прыклад каменных габрэйскіх надмагілляў, так званых «мацэйваў», – тлумачыць намеснік старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Юрась Меляшкевіч. – Яны трапляюцца па ўсёй Беларусі. Наша арганізацыя рэгулярна займаецца выездамі па расчыстцы закінутых габрэйскіх могілак, бо даглядаць іх, па зразумелых прычынах, няма каму. Трапляюцца часцяком і асобныя камяні з могілак, раскіданыя па розных месцах тады, калі знішчалі некропалі».

Знойдзеныя будаўнікамі габрэйскія надмагіллі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Паводле апошняй інфармацыі, супрацоўнікі «Рэмбудаўтадар» ужо перавезлі камяні да будынку старой харальнай сінагогі. Расшыфроўкаю надпісаў на надмагіллях пакуль яшчэ ніхто не займаўся.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў