Буйны open-air LIDBEER пройдзе 9 верасня.
Акрамя галоўнай сцэны, на якой выступяць Океан Елзи, Крамбамбуля, Петля Пристрастия, Lumen, гледачоў чакае вольная сцэна маладых музыкаў.
Каб выступіць на ёй, трэба перамагчы ў галасаванні на сайце. Пакуль не ўдакладняецца, колькі фіналістаў адбяруць у выніку, але ў «Дзецюкоў» ёсць шанцы выйграць: пакуль што яны лідаруюць сярод 25 камандаў.
Сёлета пераможца галасавання атрымае запрашэнне адкрыць гала-канцэрт на LIDBEER-2018.
Галасаваць можна да 22 жніўня.
Упершыню за 5 гадоў свайго існавання гарадзенскі гурт афіцыйна выступіў у родным горадзе ў красавіку.
Асноўная тэма песень «Дзецюкоў» – гісторыя Беларусі, за якую гурт трапіў пад негалосную забарону.
Свой другі і пакуль што апошні альбом пад назвай «Рэха» гурт выпусціў у лютым летась. Гарадзенскія панкі некалькі разоў збіраліся прэзентаваць яго ў Менску, але ані разу не атрымалі дазволу.
Галоўнай прычынай адмовы на выступ ідэолагі назвалі «экстрэмізм» на падставе пункту 5 главы 2 «Палажэння аб арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў, у якім гаворыцца, што забараняюцца арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў, якія маюць на мэце ажыццяўленне прапаганды вайны ці экстрэмісцкай дзейнасці.
Гурт ездзіў з гастролямі па Украіне і Польшчы.
ДР belsat.eu