«Даўно не білі і не саджалі па-сапраўднаму». На выбарах-2020 – рэкордная колькасць прэтэндэнтаў


Заяўку на ўдзел у сёлетняй выбарчай кампаніі падала рэкордная колькасць прэтэндэнтаў – 55 чалавек. Сярод іх – як вядомыя апазіцыянеры, гэтак і яшчэ нядаўнія прадстаўнікі ўладных колаў ды буйнога бізнесу.

У палітыку прыйшлі новыя людзі

Каментуючы belsat.eu такую вялікую колькасць прэтэндэнтаў, палітычная аглядачка, рэдактарка сайту экспертнай супольнасці «Наше мнение» Валерыя Касцюгова адзначыла, што яшчэ на парламенцкіх выбарах было заўважна, што масавы доступ насельніцтва да медыяў і сацсетак, а таксама праца партыяў з уразлівымі групамі прывялі ў палітыку новых людзей, якія раней ёю не цікавіліся, – «Маці 328», «Моладзевы блок», лакальныя супольнасці ды іншыя.

Hавiны
Удзельнікі праймерыз падалі дакументы ў ЦВК. І заклікаюць не адчыняць дзверы зборшчыкам подпісаў
2020.05.15 18:08

«І ўжо на парламенцкіх выбарах гэтыя групы атрымалі сваіх прадстаўнікоў у выглядзе кандыдатаў у дэпутаты», – адзначыла аналітык.

Яшчэ адну прычыну сёлетняй актыўнасці экспертка бачыць у тым, што «даўно не білі ды не саджалі па-сапраўднаму».

«Людзі запамятавалі, наколькі палітыка – гэта небяспечная сфера. Высокапастаўленыя кандыдаты – Цапкала і Бабарыка – забылі лёс Казуліна, Марыніча. Падобна, што падумалі, што норавы змякчыліся. Магчыма, што так і ёсць», – адзначыла яна.

Hавiны
Бабарыка і Цапкала падалі дакументы ў Цэнтрвыбаркам
2020.05.15 15:43

Таксама адным з фактараў Валерыя Касцюгова лічыць тое, што ў выніку сацыяльна-эканамічных змяненняў у часткі людзей з’явіліся грошы.

«Не ўся краіна, як раней, літаральна жыве ад заробку да заробку. З’явіўся невялікі клас людзей, які мае вольныя грошы, а не толькі дзяржава», – мяркуе суразмоўца.

«Грамадства не задаволенае дзеяннямі ўладаў»

Выканаўчы дырэктар Інстытуту дэмакратыі і сацыяльнага рынку ў Беларусі і Усходняй Еўропе Зміцер Кухлей бачыць прычыны вялікай колькасці прэтэндэнтаў у росце незадаволенасці грамадства гэтай вясной рэакцыяй дзяржавы на распаўсюд каронавіруса.

Абноўлена
ЦВК рэгіструе ініцыятыўныя групы: Лукашэнка і Гайдукевіч – так, Ціханоўскі – не
2020.05.15 11:48

«Людзі ўбачылі, што дзяржава фактычна адхілілася ад дапамогі. Відавочна, што заявы Лукашэнкі сур’ёзна выклікалі раздражненне сярод шмат якіх групаў насельніцтва. І гэта наклалася на яшчэ ранейшую незадаволенасць. Адпаведна людзі захацелі пабачыць змены ў стаўленні дзяржавы да сябе, захацелі перамен. І гэта выліваецца ў тым ліку ў колькасці прэтэндэнтаў на гэтых выбарах», – заявіў эксперт, патлумачыўшы гэтымі прычынамі з’яўленне ў прэзідэнцкай гонцы таксама прадстаўнікоў буйнога бізнесу і ўладных колаў.

Між тым, на думку дырэктара інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэя Казакевіча, на вялікую колькасць прэтэндэнтаў паўплывала таксама тое, што пэўная частка з іх «так ці інакш узгаднялася з адміністрацыяй прэзідэнта» і з’яўляецца «часткай больш шырокай кампаніі саміх уладаў».

«Але ўсё ж моцных заявак не так і шмат. Калі мы паглядзім на тыя прозвішчы, якія падаваліся, то больш ці менш заўважных людзей, якія маюць пэўныя рэсурсы, – іх колькасць будзе параўнальная з тымі, хто быў у 2015 ці 2010 годзе», – адзначыў эксперт.

Улады не хочуць дэстабілізацыі

Ужо на пачатку рэгістрацыі прэтэндэнтаў ЦВК адсеяў некаторых з прэтэндэнтаў, у тым ліку папулярнага відэаблогера Сяргея Ціханоўскага і шмат каго з «кандыдатаў пратэсту» Мікалая Статкевіча.

Hавiны
Замест блогера Сяргея Ціханоўскага балатавацца ў прэзідэнты будзе ягоная жонка
2020.05.15 18:24

«Беларускае кіраўніцтва спрабуе стварыць больш жорсткія ўмовы менавіта зараз, бо відаць, што рэйтынгі яго невысокія. Пратэставыя настроі, хутчэй за ўсё, павялічваюцца. І ўлады непакояцца, што сітуацыя выйдзе з-пад кантролю, і таму імкнуцца адразу на старце кампаніі паменшыць колькасць вулічных акцыяў, сустрэчаў з выбарнікамі і ўсю вулічную актыўнасць звесці да мінімуму», – мяркуе Зміцер Кухлей.

Андрэй Казакевіч таксама лічыць, што «вялікая колькасць удзельнікаў можа стаць дадатковым фактарам дэстабілізацыі сітуацыі». Разам з тым, на яго думку, «сярод саміх кандыдатаў шмат хто далёка не падрыхтаваны да такой дзейнасці і, відавочна, сам дапускае сур’ёзныя памылкі».

Hавiны
«Кандыдаты пратэсту» правялі прэс-канферэнцыю перад ЦВК. «Белсат» ладзіў стрым
2020.05.15 16:10

Валерыя Касцюгова нагадала, што Мікалай Статкевіч рыхтаваў «кандыдатаў пратэсту» яшчэ з парламенцкай кампаніі.

«І планы свае ён ніколі не хаваў. Ён казаў, што рыхтуе сваіх кандыдатаў і называў іх кандыдатамі пратэсту менавіта таму, што ёсць магчымасць легальнага пратэсту падчас выбарнай кампаніі. І ЦВК не зарэгістраваў гэтых кандыдатаў, бо ні ў якіх пратэстах ЦВК і ўлады агулам не зацікаўленыя», – заявіла Валерыя Касцюгова.

Адносна далейшай рэгістрацыі экспертка чакае, што будуць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы Валера Цапкалы, Віктара Бабарыкі, Сяргея Чэрачня, Алега Гайдукевіча, Андрэя Дзмітрыева і правацэнтрыстаў (Юрыя Губарэвіча, Вольгі Кавальковай, Мікалая Казлова). Але ці будуць прызнаныя іх подпісы, невядома, дадала суразмоўца.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў