Вядомы беларускі шоўмен працаваў грузчыкам, санітарам, рэцэптыяністам, асістэнтам пры абортах


Ці шкадуе Яўген Булка, што падтрымаў пратэст у 2020-м, пасля чаго давялося змяніць прафесію? На дэтэктары хлусні ў праграме «Шчыра кажучы» – Яўген Булка.

– Вы лічыце сябе паспяховым чалавекам?

– Так.

– Вам сапраўды падабалася працаваць аперацыйным санітарам?

– Так.

– Ці былі ў вас у сям’і рознагалоссі з-за змены прафесіі?

– Не

Паліграф: Праўда

Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Вось пасля сыходу з тэлебачання беларускага і пасля таго, як вы зʼехалі з Беларусі, чым вы займаліся?

– Лепш спытаць, чым я не займаўся.

– Пачнем з таго, чым займаліся, а потым, ну, што вы яшчэ не зрабілі.

– Добра. Я фарбаваў уначы дарогі. Быў памочнікам кухара ў рэстаране, грузчыкам, санітарам у цэнтры пластычнай хірургіі. Цяпер на рэсэпшане ў гатэлі.

– А чаму вы сышлі з працы санітара?

– Умовы аплаты і графік мяне больш задаволілі. І ў Ізраілі шэсць працоўных дзён, з нядзелі па пятніцу. І праводзіць хаця б некалькі дзён нармальных з сямʼёй – для мяне гэта стала прыярытэтам. Хай я дзесьці страчу, можа быць, крыху ў грошах, але ў мяне будзе больш вольнага часу, і я прынамсі буду жывы. Ну, прынамсі я не буду думаць аб тым, як проста паесці і легчы спаць.

Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Ці глядзіце вы цяпер беларускае ТБ?

– Не.

– Вы хацелі б зараз вярнуцца працаваць на беларускае тэлебачанне?

– Цяпер не.

– Вы шкадавалі, што падтрымалі пратэст?

– Не.

– Вы падтрымалі б пратэст, калі б ведалі, што страціце працу ў Беларусі?

– Так.

– Цяпер вы зарабляеце больш, чым у Беларусі?

– Так.

Паліграф: праўда.

– Гэта такі досвед, я так удзячны гэтаму досведу. Пачынаеш глядзець на некаторыя рэчы інакш. Напрыклад, можа быць, зараз скажу штуку, якая выкліча шок. Напрыклад, на аборт пачынаеш глядзець інакш.

– Як вы глядзелі раней? Як вы глядзіце цяпер?

Скрыншот: БЕЛСАТ NEWS / YouTube

– Мяне не папярэдзілі, што я ў тым ліку буду працаваць падчас абортаў. Сказалі, будуць стандартныя там пластычныя аперацыі, вушы, нос, грудзі, ліпасакцыя. І ў першы ж дзень мяне ставяць на аборты. Я думаю, ну ўсё. Цяпер тры секунды і я знепрытомнею. А потым так супала, што атрымаў інфармацыю, якая закрыла, цалкам закрыла мае нейкія пакуты з гэтай нагоды. Мусіць, гэта будзе сумна гучаць, але я так скажу. Што душа заўсёды ведае, што своечасова абраць. (…).

Калі душа выбрала не прыйсці і выбрала такі спосаб, што патэнцыйная мама вырашыла не дапускаць гэтае жыццё і гэтую душу ў свет, то гэта выбар усё ж той душы, якая не прыйшла, а не мамы. Таму вось гэтыя веды, гэтае разуменне, яно мяне вельмі супакоіла.

– Вы калі-небудзь падтрымлівалі Лукашэнку?

– Так.

– А ў 2020 годзе галасавалі?

– Так.

– За каго, калі не сакрэт? Не хацеў вас пакрыўдзіць.

– Як большасць. Я да гэтага, як большасць, і цяпер, як большасць.

– А ў 2010-м, 2015-м, калі не сакрэт?

– 2010-ы…

– Тады яшчэ была ў вас вера ў Лукашэнку нейкая?

– У мяне больш веры пасля 2015-а зʼявілася, калі вось намеціўся вось гэтая тэндэнцыя на пацяпленне, калі ІТ-сектар пачаў расці, вось гэта вось усё.

–Вам калі-небудзь прапаноўвалі супрацу сілавыя структуры Беларусі?

– Не.

– Вы калі-небудзь супрацоўнічалі з сілавымі структурамі Беларусі?

– Не.

Больш адказаў на пытанні шукайце ў праграме «Шчыра кажучы» на YT-канале «Belsat News» (відэа вышэй).

belsat.eu

Стужка навінаў