«Аналітыкі Ціханоўскай». Ці закрыты гэта спіс?


Следчы камітэт Беларусі распачаў спецыяльнае вядзенне супраць 20 чалавек, якіх назваў «аналітыкамі Ціханоўскай». Сярод іх ёсць сацыёлагі, журналісты, палітычныя аглядальнікі, палітыкі, многія з якіх непасрэднай сувязі з дзейнасцю Офісу Святланы Ціханоўскай або Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі не маюць. Чаму менавіта гэтыя людзі трапілі ў спіс і што азначае адкрыццё спецыяльнага вядзення? Спыталі ў саміх фігурантаў справы.

Святлана Ціханоўская
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Спецвядзенне

Паведамленне аб пачатку спецыяльнага вядзення ў дачыненні 20 асобаў, так званых аналітыкаў Ціханоўскай, з’явілася ў тэлеграм-канале Следчага камітэту Беларусі.

У спіс фігурантаў справы патрапілі Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юры Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Алесь Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Пётр Рудкоўскі, Марыя Рогава, Алеся Руднік, Павел Усаў, Наталля Рабава, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык і Кацярына Шмаціна.

Сярод артыкулаў Крымінальнага кодэксу, паводле якіх пачатае «спецыяльнае вядзенне», указаныя арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы» – пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі), арт. 357 («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады» – пазбаўленне волі ад 8 да 12 гадоў), арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» – пазбаўленне волі да 6 гадоў) і арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» – пазбаўленне волі ад 3 да 7 гадоў).

Страх і працяг рэпрэсій

На пачатак спецыяльнага вядзення адрэагавала дэмакратычная лідарка Беларусі Святлана Ціханоўcкая. Яна адзначыла, што «гэта жаданне адпомсціць тым, хто цвяроза ацэньвае сітуацыю ў Беларусі».

«Рэжым спрабуе загнаць краіну ў інфармацыйную бурбалку. Зачышчае інфармацыйнае поле, каб праўда аб поўным правале ў кіраванні краінай не выплыла вонкі. Хваля рэпрэсій у адносінах да палітолагаў і экспертаў – жаданне адпомсціць тым, хто цвяроза ацэньвае сітуацыю ў Беларусі, прапануе рэальныя шляхі выхаду з крызісу, у які загнаў краіну Лукашэнка.

Кожны раз, калі нехта паказвае на сапраўдны стан спраў у краіне, гэта выклікае страх. А акрамя рэпрэсіяў – нічога прапанаваць рэжым не можа», – напісала Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграм-акаўнце.

На думку намесніцы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай, рэжым Аляксандра Лукашэнкі сапраўды пачаў такое спецыяльнае вядзенне ў першую чаргу дзеля запалохвання грамадства. «Страх – адзіная зброя, якая ў іх ёсць, іншай няма», – сказала яна ў каментары «Белсату».

Намесніцы старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна. Вільня, Літва. 21 траўня 2021 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Гэтую думку пацвярджае і незалежны палітычны аналітык Павел Усаў, ён адзначае, што сістэма выкарыстоўвае комплексны падыход для таго, каб дасягнуць сваіх канкрэтных мэтаў па ўтрыманні ва ўладзе і ліквідацыі ўсіх рэальных і нерэальных пагроз у выглядзе структураў, асобаў, постацяў і г. д., паралельна з гэтым унутры Беларусі ствараецца атмасферу страху.

Працягам рэпрэсіяў і спробай супрацьдзейнічаць тым людзям, якія з’яўляюцца небяспечнымі для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і для яго ўстойлівасці, назваў такія дзеянні юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч. «Гэта дэманстрацыя таго, што пратэст не знік і пэўныя сілы за межамі Беларусі здольныя ўплываць на сітуацыю як за межамі, так і ўнутры краіны», – лічыць ён.

Чаму менавіта гэтыя людзі і пры чым тут Усаў?

Мы запыталіся ў нашых суразмоўцаў, чаму ў гэтым спісе апынуліся менавіта гэтыя 20 чалавек, што іх аб’ядноўвае. Ганна Красуліна тлумачыць гэта ўсё тым жа жаданнем рэжыму нагнаць дадатковую хвалю страху: менавіта таму ён далучыў да гэтай справы людзей з розных супольнасцяў, з розных галінаў ведаў, якія маюць шырокае кола камунікацый. Але гэта паказвае, на думку Красулінай, што «ў іх нічога не атрымліваецца, пераможцы так сябе не паводзяць».

Сапраўды, пералічаныя ў тэлеграм-канале асобы – гэта людзі, даволі вядомыя ў дэмакратычным асяродку, з даволі шырокім колаў знаёмых, падпісчыкаў, таму распачатыя справы ў дачыненні да іх не маглі застацца непрыкмечанымі. Але далёка не ўсе з гэтага спісу маюць непасрэднае дачыненне да дзейнасці Святланы Ціханоўскай. Асабліва дзіўна ў ім глядзіцца прозвішча Паўла Усава, які апошнім часам выступае ў выглядзе сістэмнага крытыка дзейнасці беларускай дэмакратычнай лідаркі.

навукова-практычная канферэнцыя ў IFIS PAN
Незалежны палітычны аналітык Павел Усаў. Варшава, Польшча. 16 лістапада 2023 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Сам Павел Усаў мяркуе, што гэта можа быць звязана з ягонай актыўнасцю ў 2020 годзе, калі ён уваходзіў «у пэўныя кансультатыўна-аналітычныя структуры пры штабе Ціханоўскай, пасля таго, як яна апынулася ў Вільні». Тады, незалежна ад свайго стаўлення да ейнай персоны, ён «лічыў сваім прафесійным абавязкам максімальна садзейнічаць палітычным пераменам у Беларусі». Магчыма, гэтая інфармацыя і патрапіла ў рэпрэсіўных органаў, якую яны і выкарысталі такім спосабам, залічыўшы Усава «ў пул Ціханоўскай».

20 чалавек – гэта вельмі мала

Нашы суразмоўцы пагадзіліся з тым, што гэты спіс будзе толькі павялічвацца. Нездарма сілавікі стварылі асобны тэлеграм-канал «Специальное производство. Официально», у якім публікуюцца прозвішчы тых людзей, у дачыненні да якіх такое спецыяльнае вядзенне было распачатае. Канал гэты існуе з восені 2022 года, і ў ім фігуруе ўжо больш за 50 прозвішчаў.

Павел Усаў кажа, што неататалітарны рэжым, які на сёння сфармаваўся ў Беларусі, не пакідае прасторы абсалютна ні для якой альтэрнатывы.

«Любыя постаці, любыя асобы, якія не ўваходзяць у парадыгму абслугоўвання сістэмы, якія не з’яўляюцца рэсурсамі яе стабілізацыі, будуць рэпрэсаваныя. І тыя, хто не зразумеў гэтага і застаюцца ў Беларусі, потым плацяць сваёй свабодай», – адзначае палітычны аналітык, пацвярджаючы тое, што ў гэтым канале яшчэ з’явяцца новыя прозвішчы.

Ганна Красуліна ідзе нават далей і кажа, што «дваццаць чалавек – гэта надта мала». «У коле людзей, якія хочуць перамен, якія ведаюць, што яны неабходныя і што краіну трэба лекаваць у розных кірунках, знаходзіцца 97 %. Нас 97 адсоткаў, а не дваццаць персон!.. Мы бачым, што грамадства не на іх баку», – адзначыла наша суразмоўніца.

Ці законнае такое спецвядзенне

«У Беларусі не да законаў», – кажа ў каментары «Белсату» юрыст Арцём Праскаловіч. Паводле яго, разважаць пра законнасць у гэтым выпадку можна толькі ўмоўна. З пункту гледжання таго, што падобныя нормы пра такое спецвядзенне знайшлі сваё адлюстраванне ў крымінальна-працэсуальным кодэксе, атрымліваецца, што яны нібыта законныя, і прапаганда менавіта так будзе распавядаць аб гэтым, кажучы, што завочнае судовае вядзенне існуе і ў аплоце дэмакратыі – Злучаных Штатах Амерыкі.

«Гэта ўсё так, – каментуе юрыст, – яна можа існаваць у шмат якіх краінах дэмакратычнага свету, але пытанне, як гэта рэалізоўваецца на практыцы: ці маюць беларусы, супраць якіх узбуджанае такое спецыяльнае вядзенне, магчымасць адстойваць свае інтарэсы ў незалежным судзе? Не, не маюць, таму што незалежнага суду ў Беларусі не існуе.

Нават у тых выпадках, калі беларусы хочуць прадставіць нейкія доказы, сваю пазіцыю, прамовіць слова ў судзе, для таго каб гэта знайшло адлюстраванне ў сродках масавай інфармацыі, ім не даецца такая магчымасць, бо спасылаюцца на тое, што не існуе тэхнічных магчымасцяў у судоў для таго, каб іх заслухаць. Хаця насамрэч, я магу адказна сказаць, усе суды Беларусі мадэрнізаваныя, яны ўсе маюць сродкі канферэнц-, відэа-, аўдыёсувязі, і выкарыстоўваюць іх у іншых працэсах вельмі актыўна, але не даюць такой магчымасці тым, хто знаходзіцца за межамі».

Што будзе далей

Арцём Праскаловіч выказвае думку, што гэтыя справы будуць развівацца ў адпаведнасці з тым, што запісана ў кодэксах Аляксандра Лукашэнкі. Па справах спецыяльнага вядзення, распачатых раней, можна адсочваць, як у іх развіваюцца падзеі, лічыць юрыст. А новыя справы будуць зробленыя абсалютна пад капірку.

«Што будзе дакладна: не будзе прадастаўлена магчымасць беларусам, супраць якіх узбуджаныя гэтыя крымінальныя справы, адстойваць свае правы, у іх межах будзе тэатр, фарс і прасоўванне ў прапагандысцкай прасторы таго, што ўсё законна, людзі – злачынцы, іх правы былі забяспечаныя ўдзелам нібыта адваката абавязковым, як гэта прадугледжана ў кодэксе. А ці хоць раз той адвакат сустракаўся онлайн, кансультаваўся, стэлефаноўваўся са сваім падабаронным, нікога не будзе хваляваць», – гаворыць Арцём Праскаловіч.

Hавiны
Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне ў «справе аналітыкаў Ціханоўскай»
2024.01.25 09:50

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў