Следчы камітэт распачаў спецыяльнае вядзенне ў «справе аналітыкаў Ціханоўскай»


Следчы камітэт Беларусі заявіў, што супраць «20 так званых аналітыкаў Ціханоўскай» распачатае спецыяльнае вядзенне. Усе фігуранты справы застаюцца за мяжой.

У прэс-рэлізе сцвярджаецца, што аналітыкі «далучыліся да змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь неканстытуцыйным шляхам, увайшлі ў экстрэмісцкія фармаванні, створаныя для забеспячэння эфектыўнасці злачыннай дзейнасці».

«Указаныя асобы прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўванні і рэалізацыі канцэпцыі дэструкцыйнай дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама судзейнічалі распальванню сацыяльнай варожасці і разладу ў грамадстве», – заяўляюць у СК.

У афіцыйным тэлеграм-канале «Специальное производство» 25 студзеня з’явіліся імёны аналітыкаў, супраць якіх распачатае спецыяльнае вядзенне:

  • Рыгор Астапеня,
  • Філіп Біканаў,
  • Аляксандр Дабравольскі,
  • Юры Дракахруст,
  • Андрэй Казакевіч,
  • Ганна Красуліна,
  • Яўген Крыжаноўскі,
  • Дзяніс Кучынскі,
  • Вераніка Лапуцька,
  • Алесь Лагвінец,
  • Ганна Любакова,
  • Васіль Навумаў,
  • Пётр Рудкоўскі,
  • Марыя Рогава,
  • Алеся Руднік,
  • Павел Усаў,
  • Наталля Рабава,
  • Таццяна Чуліцкая,
  • Аляксандр Шлык,
  • Кацярына Шмаціна.

Аналітыкам інкрымінуюцца артыкулы 130, 357, 361 і 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Усім фігурантам справы Следчы камітэт прапануе прыйсці на адрас: г. Менск, вул. Першамайская, 7 (у гэтым будынку месціцца УСК г. Менску). Дата пачатку спецыяльнага вядзення – 24 студзеня.

Нагадаем, механізм спецыяльнага вядзення дазваляе ўладам Беларусі судзіць сваіх апанентаў завочна, калі тыя застаюцца за мяжой.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў