«Нам бы свой боль перажыць. Дзе браць сілы на боль іншых?» Падслухана: ЦУМ


Зімовая прахалода ахутвае вуліцы Менску сваім покрывам. Яна высмоктвае колеры з гораду, запаўняе сабой усю прастору. Прыцярушаныя снегам аголеныя цёмныя сілуэты дрэваў цягнуць свае рукі да неба ў нейкай просьбе. Пранізлівы вецер намагаецца прасачыцца ў найменшыя шчылінкі паліто і нашэптвае: прыйшлі халады. Мы выходзім са станцыі метро «Плошча Якуба Коласа» і заходзім у ЦУМ, каб падслухаць, пра што размаўляюць беларусы.

Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

У ЦУМе шматлюдна. У шэрагах з тэхнікаю для кухні прагульваецца мужчына. Яму каля 60, ён у цёмна-шэрай старамоднай кепцы і куртцы, на носе – рагавыя акуляры. Яго суправаджае малады кансультант.

«Я ў вас тут раней лядоўню набываў, 300 рублёў тады каштавала. А цяпер больш за тысячу!» – кажа мужчына і цёпла пасміхаецца. Здаецца, яго больш цікавіць магчымасць паразмаўляць з кімсьці, як штосьці набыць.

«Ёсць і менш за тысячу, давайце я вам пакажу», – прапаноўвае хлопец.

Побач яшчэ адзін кансультант размаўляе з кліентамі. Жанчына за 50 прыйшла разам з дачкою выбраць лядоўню.

«Пра беларускія «Атланты» я вам нават казаць не буду, каб не псаваць настрою», – звяртаецца кансультант да дачкі.

«Чаму? У мяне  быў«Атлант», добрая лядоўня!» – пярэчыць яму жанчына.

Кансультант выглядае разгубленым і позіркам шукае падтрымання ў дзяўчыны. Тая пачынае смяяцца.

«Давайце я прапаную вам “Beko”. Турэцкі вытворца, бюджэтны варыянт. Адно што гэтая лядоўня з іх заводу ў Расеі. Для некаторых пакупнікоў гэта адразу прынцыповае «не». Але, на жаль, нешта бюджэтнае ў нас цяпер толькі адтуль», – прапаноўвае хлопец.

«А як наагул выбіраць, з Расеі ці не з Расеі, калі ў нас знікаюць тавары. Нядаўна знікла марка крэмаў, якой я карысталася раней. Перайшла на карэйскую», – кажа дзяўчына.

Некаторы час яны яшчэ выбіраюць.

«Мы возьмем у растэрмінаванне. Не памятаю, каб я нешта адразу набывала. Усё жыццё ў растэрмінаванне. Добра, што ёсць такая магчымасць», – разважае жанчына.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Каля прылаўкаў з залатымі вырабамі стаяць двое мужчынаў. Пад шклом зіхацяць і чапляюцца за вока аздобы. Але ёсць нюанс.

«А што, золата ўсё толькі з Расеі?» – пытае адзін з мужчынаў прадаўніцу.

«Так, усё, цягнік з’ехаў. Золата цяпер толькі з Кастрамы», – адказвае жанчына.

Мужчыны яшчэ крыху пастаялі каля прылаўка і адышлі. Працягваюць размаўляць.

«Ці дадуць нам нейкія дывідэнды? Атрымліваем усё менш і менш», – сумна кажа адзін з іх.

«Можа наагул больш нічога не дадуць?» – пытае другі.

«Можа», – адказвае ягоны суразмоўца.

Каля стэнду з гадзіннікамі стаіць пара, ім гадоў па 25. Разглядаюць тавар і жартуюць паміж сабою.

«Паводле статыстыкі, жанчыны ў два разы больш гавораць, чымся мужчыны», – дзелавіта кажа хлопец.

«А я табе скажу чаму. Бо жанчыны паўтараюць мужчынам тое, што сказалі», – парыруе дзяўчына.

«Ты нешта сказала?» – прыжмурыўшыся і з удаванаю заклапочанасцю пытае хлопец.

Яны гучна смяюцца.

А вось размаўляюць дзве жанчыны гадоў па 35.

«Муж знаёмай у Галандыі цяпер. Кажа, у 2020-м там паўсюль былі бел-чырвона-белыя сцягі. Цяпер іх няма, толькі ўкраінскія засталіся. Паказвала на фота», – апавядае адна з іх.

«Надакучыла гэтая вайна. Я так стамілася ўжо нешта ўспрымаць, навінаў ужо даўно не чытаю. Калі пачалася вайна ў Ізраілі… нічога не адчула. Хаця калі пачалася вайна ва Украіне, вельмі перажывала. Напэўна, гэта кепска, калі ты перастаеш хоць штосьці адчуваць», – разважае ейная суразмоўца.

«У мяне тое сама. Напэўна, калі ты моцна за нешта перажываеш, то калісьці згараеш. Нам бы свой боль перажыць. Дзе браць сілы на боль іншых? Так што ты ў сваёй пустаце не адна», – кажа і ўсміхаецца першая.

У аддзеле з побытаваю хіміяй выпадкова сустрэліся дзве знаёмыя.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

«Як унучка? Як вучоба?» – пытае адна з іх.

«То дзясяткі, то шасцёркі. І гэта па беларускай мове. Пытаю яе: як так умудрылася? Яна кажа, літару прапусціла, калі слова пісала. Яны толкам яшчэ па-расейску не размаўляюць, а ўжо беларускую вучаць», – адказвае другая.

«А мая любіць беларускую мову, у яе добра ідзе. Я сама ў дзяцінстве беларускай не вывучала, а вось у дачкі заўсёды з мовамі ў школе было добра. То і ва ўнучкі схільнасць ёсць», – кажа першая.

«У маёй унучкі наадварот: матэматыку як арэшкі лузгае, а вось з мовамі пытанне. Пэўна, у гэтым рэч», – прымірэнча адказвае ейная суразмоўца.

Тым часам у аддзеле з музычнымі інструментамі пачынае гучаць музыка: некалькі маладзёнаў прыйшлі выбраць гітару. Пад вясёлы матыў людзі побач пачынаюць усміхацца.

А на вуліцы струменьчыкамі мільгацяць людзі. Ім з вітрынаў усміхаюцца казачныя персанажы. Па артэрыях Менску працягвае бегчы жыццё. Горад рыхтуецца да зімовых святаў. Пытанне толькі, калі скончыцца гэтая зіма.

Гісторыі
«Нас абкладуць, як шалёнага сабаку, і мы тут будзем жэрці адну гнілую бульбу». Падслуханае. Дыялогі ў цягніку
2023.06.04 10:29

Саша Гоман, belsat.eu

Стужка навінаў