«Нас абкладуць, як шалёнага сабаку, і мы тут будзем жэрці адну гнілую бульбу». Падслуханае. Дыялогі ў цягніку


Працягваем слухаць, пра што размаўляюць беларусы. Гэтым разам адпраўляемся ў падарожжа цягніком.

Грукат колаў, шапаценне вагонаў. Пах цягніка не зблытаеш ні з чым. Плацкартнае купэ. Сядзіць сівы мужчына: узростам за пяцьдзясят, з вусамі, у чорнай старамоднай кепцы. Насупраць яго сядзяць дзве жанчыны: ім недзе за сорак пяць, адна з кароткаю стрыжкаю, другая з начоснаю фрызураю. Пад дрыгаценне вагона яны гутараць паміж сабою.

– Нічога тут ужо не будзе. Трэба з’язджаць з гэтай краіны хоць куды, – упэўнена кажа мужчына. Ён падсеў да жанчын з суседняга купэ, каб за размоваю прабавіць час у дарозе.

– Добра там, дзе нас няма. Ехаць можна, калі ёсць праца, страхоўка, а так… – адказвае яму каротка стрыжаная жанчына.

– Тыя ж, хто едзе, яны ж не вяртаюцца, – кажа другая, з начосам.

– Ніколі ў Беларусі не было добра. Мы ўвесь час жывём у крызісе і ўвесь час яго пераадольваем. Нам кажуць: ну пачакайце, паднатужцеся, распранайцеся і працуйце. А лепш не становіцца. Чаго чакаць? – не сцішаецца мужчына.

– Нам трэба казаць «дзякуй», – раптам кажа жанчына з начосам.

– Каму? – здзіўляецца мужчына.

Ягоная суразмоўца дзелавіта адказвае:

– Вы проста не былі, напэўна, у іншых краінах СНД. Ды ў параўнанні з тым, што там робіцца, у нас казка! Куды ні прыедзеш, усім паўсюль не падабаюцца іхныя ўлады. Якія пратэсты ў Малдове – змрок. А наагул жа што галоўнае? Каб усе былі здаровыя. Паглядзіце на сталы беларусаў на святы: што, кепска нам жывецца?

Твар мужчыны напаўняецца чырванню:

– Гэта беларусам добра жывецца? Ды звычайны рабочы, у якога сям’я, дзеці, мусіць браць крэдыт, каб дзіця ў школу сабраць. Дзе гэта такое бывае ў нармальнай краіне? А кошты? У Беларусі самая дарагая вада на постсавецкай прасторы! Хіба, можа, толькі ў Туркменістане даражэйшая, але яна там заўсёды больш за нафту каштавала.

– Не бядуеце – вось і радуйцеся. Сядзіце і маўчыце. Радуйцеся жыццю, усё выдатна ў нас! – з усмешкай і гіпнатычным спакоем, не адводзячы вачэй ад суразмоўцы, кажа жанчына з начосам.

Але мужчына не здаецца:

– Вось закрылі палякі Баброўнікі, Літва закрывае мяжу. Усё ідзе да таго, што і Берасце закрыюць. Нас абкладуць, як шалёнага сабаку, і мы тут будзем жэрці адну гнілую бульбу. Ці вось міліцыя: ты выйдзеш на двор і не ўпэўнены, што вернешся дадому. Цябе могуць затрымаць. Пачытайце навіны, вы ў нейкім сваім вузкім свеце жывяце, – голас мужчыны становіцца гучнейшым.

Трэцяя жанчына з кароткай стрыжкай сядзіць каля акна і спалохана паглядае то на аднаго, то на другога пасажыра. У жанчыны з начосам спакойны твар і ўсмешка.

– Вы не былі ў іншых краінах. Паглядзіце, што робіцца ва Украіне. Радуйцеся, што ў нас ціха і мірна, – кажа яна тонам дарослага чалавека, які нібыта размаўляе з неразумным дзіцём.

Мужчына не вытрымлівае, усхопліваецца і пераходзіць у суседняе аддзяленне вагона, на сваё месца. Забіраецца на верхнюю паліцу, дастае тэлефон, гартае нешта на экране. Ягоны чырвоны твар паступова вяртаецца да больш натуральнага колеру. Ён адкладае тэлефон і адварочваецца на бок.

Графіка Алісы Ганчар / Белсат

Прыходзіць правадніца, раздае квіткі.

– Нейкі квіток несамавіты, – кажа ёй жанчына з начосам.

– Пэўна, тут больш правільна казаць чэк, – адказвае правадніца.

Жанчына з начосам круціць квіток у руках:

– Трэба захаваць на памяць.

Правадніца сыходзіць. Жанчына з начосам акуратна падымаецца і падыходзіць да купэ, дзе ляжыць ейны суразмоўца.

Глядзіць на спіну мужчыны, нядоўга стаіць і вяртаецца на месца. Праз хвілінаў дваццаць той спускаецца са сваёй паліцы і вяртаецца да жанчын. Ягоная суразмоўца з начосам расплываецца ва ўсмешцы.

Цягнік пад манатонны блюз колаў працягвае закалыхваць пасажыраў.

Каля акна сядзіць мужчына гадоў пяцідзесяці пяці, кончыкі ягоных вусаў апускаюцца крыху ніжэй за куточкі рота, позірк колкі. Ён таксовец, распавядае суседу байкі пра сваіх пасажыраў:

– Гэтыя прыезджыя такія нахабныя. Лезуць са сваймі правіламі, патрабаваннямі. Але год пажыўшы ў Беларусі, становяцца ўжо нашымі. А так – туды ж, хочуць дэмакратыі, правоў. Вунь, адныя хацелі: і што цяпер? Вайна! Дзе гэта бачна было раней, каб брат на брата пайшоў? Жах!

– Ну дык хіба расейцы ў гэтым не вінаватыя? Навошта лезлі? Мне гэта ўсё цікава з юрыдычнага пункту гледжання: і тое, што яны Крым забралі, і тое, што хочуць Данбас забраць.

– Я не разбіраюся ў палітыцы. Але я хачу, каб гэта ўсё хутчэй скончылася. Я сам яшчэ ў пачатку 2000-х з’ехаў з Расеі ў Беларусь, далей ад Пуціна ў бункеры і ягонай шайкі. Але як высветлілася, і тут ад яго не схаваешся, – сумна кажа таксовец.

Цягнік ляціць далей, пра нешта ляскочуць колы на дзвюх паралельных рэйках. У вагонах запавольваецца жыццё: вось спіць мужчына, падклаўшы руку пад галаву, вось дзяўчына гадоў дваццаці паглыбляецца ў нейкі іншы, далёкі свет, які стварае для яе кніга ў руках. Правадніца разносіць гарбату ў кантовых шклянках з металічнымі падшклянкамі.

– Я працую ў бібліятэцы, час ад часу да нас прыязджаюць з правяраннямі. Штосьці з кніг вымаюць, штосьці кажуць прыбраць. У мяне місія: я адразу бягу і хаваю некаторыя выданні, – кажа жанчына гадоў трыццаці сваёй спадарожніцы.

– Нейкі сюр.

– Так. І на працы ўсе адзін за адным сочаць. У самой бібліятэцы, у працоўных чатах. Ужо прызвычайваешся: на працы нічога ні з кім не абмяркоўваеш, бо на цябе могуць проста данесці. Такая вось атмасфера ў нас, – кажа жанчына і падносіць шклянку з гарачым напоем да вуснаў.

За акном праносяцца манахромныя пейзажы і падобныя адна да адной станцыі. Цягнік прыбывае ў канцавы пункт. Спыненне вагонаў выштурхне пасажыраў з дрымоты, і зноўку па капілярах пабяжыць жыццё з яго планамі, надзеямі і новымі дыялогамі.

Гісторыі
Падслуханае. Дыялогі ў маршрутцы
2023.02.05 08:49

«Падслухана» – праект «Белсату» пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Трэці год беларусы, якія зазнаюць палітычны пераслед, з’язджаюць з краіны. Але шмат хто не хоча губляць сувязі з радзімай. Гукі, пахі – тое, чаго бракуе нам усім. Як смакуе кава «Оскар» у «Цэнтральным»? А як гучыць менскае метро? Што кажуць у чэргах на пошце? Мы просім чытачоў і гледачоў падслухваць гэтыя гісторыі за нас, журналістаў, якім цяпер не дазволена жыць у Беларусі. Мы збіраем іх, агучваем для вас – каб вы пачулі гукі Беларусі.

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў