Кабанаў: У турэмных медчастках – поўная беспакаранасць


У калоніях і турмах медыкі глядзяць перш не на стан здароўя вязняў, а на іхныя характарыстыкі. Спісаць памерлага вязня турэмнай адміністрацыі лягчэй, чым спісаць лыжку – пра норавы ў месцах зняволення расказаў у інтэрвʼю «Белсату» былы палітзняволены і блогер, а цяпер прэсавы сакратар АСБ «BELPOL» Аляксандр Кабанаў. Таксама ён адзначае, што за смерць Алеся Пушкіна пры цяперашняй уладзе «наўрад ці хто будзе пакараны».

Аляксандр Кабанаў. Скрыншот з відэа: Белсат

12 ліпеня прэсавы сакратар АСБ «BELPOL» Аляксандр Кабанаў у інтэрвʼю «Белсату» пракаментаваў звесткі пра абставіны смерці палітвязня і мастака Алеся Пушкіна і расказаў пра агульны стан медычнага забеспячэння ў вязніцах.

Каментар
Чытач «Белсату» пра смерць Алеся Пушкіна: Колькі часу мусіла прайсці, каб прагніла дыяфрагма?
2023.07.12 16:33

Каментуючы інфармацыю пра тое, што Алесь Пушкін памёр ад ускладненняў прабадной язвы, па прычыне таго, што яму адказвалі ў медычнай дапамозе турэмныя медыкі, Аляксандр Кабанаў пагадзіўся, што хутчэй так усё і было. Аднак адказнасць за па сутнасці забойства вязня бяздзеяннем нясуць не толькі супрацоўнікі медсанчасткі турмы №1 у Горадні, але і іншыя прадстаўнікі турэмнай адміністрацыі. У прыватнасці, менавіта аператыўныя супрацоўнікі, а не медыкі вырашаюць, аказваць вязню медычную дапамогу ці не. Медыкі ж выконваюць абсалютна фармальную ролю.

«Так, у любой турме, у любой калоніі ёсць медработнікі так званыя, ёсць начальнік медчасткі. Але насамрэч яны не вырашаюць абсалютна нічога. На сённяшні момант для таго, каб цябе пачалі лячыць, патрэбна добрая характарыстыка ад аператыўнага супрацоўніка, які да медыцыны не мае ніякага дачынення. І калі ты звяртаешся ў медчастку, яны перш глядзяць матэрыялы тваёй справы, характарыстыкі, і глядзяць, ці быў ты ў ШІЗА, ці не быў, які ў цябе прафесійны ўлік. І потым ужо ставяць пытанні аб тваім лячэнні. Так што я думаю, што з Пушкіным было менавіта так, як апісваюць».

Паводле слоў Кабанава, адмова начальніка турэмнай медчасткі аказваць медычную дапамогу Алесю Пушкіну, пра якую паведамляюць ананімныя крыніцы, упісваецца ў логіку дзеянняў турэмных медыкаў у падобных сітуацыях: «Было б дзіўна, калі б ён звярнуўся ў медчастку, і яго адразу пачалі лячыць. Гэта было б для мяне дзіўна».

Агляд
Мастак, перформер, акцыяніст, палітвязень. Памёр Алесь Пушкін, які нічога не баяўся, акрамя Бога
2023.07.11 19:06

Былы палітзняволены з уласнага досведу ведае, якім чынам ажыццяўляецца медычная дапамога вязням у калоніях і турмах. Ёсць вялікая розніца паміж тым, як ставяцца да «звычайных» і палітычных зняволеных. Без праблем атрымліваюць медычную дапамогу ў месцах зняволення толькі так званыя «актывісты» – людзі, якія выконваюць усе патрабаванні адміністрацыі, працуюць, супрацоўнічаюць. «Калі ты актывіст у калоніі, то ты без праблем атрымліваеш медычную дапамогу, і ўсе “плюшкі” адпаведныя: спатканні, перадачы, і ўсё на свеце, і раніцу на “атаварку”». Але ў палітычных шанцаў амаль няма, да іх ад пачатку ставяцца як да злосных парушальнікаў рэжыму, падводзяць пад так званы 10-ты прафулік.

«Я бяру сваю гісторыю, калі ў мяне пачаліся сурʼёзныя праблемы са здароўем у Наваполацку, і я звярнуўся ў іх у частку, мне сказалі, слухай, як толькі трэба будзе цябе вывозіць на аперацыю, тады звяртайся, а зараз ты чаго прыйшоў? Мала таго, калі ты будзеш прыходзіць, то гэта чарговае ШІЗА. Кажуць, ты тут не ў санаторыі, каб мы займаліся тваім здароўем. Яны наўпрост кажуць, што “калі ты недзе тут здохнеш, нам відэлец складаней спісаць, чым цябе. Нас гэта ўвогуле ніякім бокам не хвалюе”».

З падобнай практыкай, па звестках Кабанава, сутыкаюцца і вязні так званай крытай турмы, калі звяртаюцца па лекі альбо просяць аб наведванні лекара. У вязніцах няма вузкіх спецыялістаў і іх запрашаюць з волі, з гораду:

«Калі ў цябе нейкія праблемы ўзнікаюць, яны адразу ж гавораць, нам патрэбна характарыстыка ад аператыўніка для таго, каб глядзець наогул дазваляць нешта табе ці не. Зразумела, што аператыўнік медычнай адукацыі не мае».

Аляксандр Кабанаў таксама распавёў пра харчаванне ў калоніях і турмах – у асноўным кашы «дыетычныя», усё поснае. Аднак вязні адчуваюць вялікі дэфіцыт вітамінаў. Ён успамінае, што падчас адбывання тэрміну зняволення існавалі так званыя «вітамінныя перадачы», калі зняволены мог атрымаць з волі пасылку з наборам з пяці прадуктаў – цыбулю, часнык, апельсін, лімон і яблыкі. Гэта было звязана з ковідам. Як толькі ковідныя абмежаванні знялі, то і «вітамінныя перадачы» адмянілі. У звычайны час таксама можна нешта з гэтага зрэдку адпраўляць вязням, але ці атрымаюць яны – залежыць ад «аператыўніка». А так людзі сядзяць на вельмі абмежаваным рацыёне, у цесных памяшканнях, у якіх летам душна, а зімой вельмі холадна.

«Плюс там маральна псіхалагічны ціск высокі вельмі. Гэта ўсё вядома вельмі моцна ўплывае на стан здароўя чалавека. Прыходзіш здаровы, выходзіш – хворы».

Суразмоўца таксама распавёў, што да яго сцякаецца шмат інфармацыі аб смярцях вязняў у турмах і калоніях. «Смерцяў жа шмат, насамрэч. Мы ведаем пра адзінкі, і мы ведаем пра людзей публічных, а смерцяў шмат і ў калоніях, і ў турмах. Вельмі рэдка калі з супрацоўнікаў нехта панясе нейкую адказнасць, пакаранне».

Інтэрв’ю
Аляксандр Кабанаў: У турме № 4 забіты зняволены. Раней яго падсаджвалі да «палітычных»
2023.07.05 22:02

Кабанаў згадаў нядаўні выпадак забойства вязня вязнем у Магілёве, пра які ён распавядаў «Белсату». Вядомы нават прозвішчы забойцы і ахвяры. Аднак за гэты выпадак ніхто не пакараны. «Усе працуюць, чалавек памёр». Для вязніцаў смерць зняволенага не зʼяўляецца нечым надзвычайным, «напішуць нейкія акты, прыедзе пракуратура, нешта там нейкія паперкі «падмахнуць», і ўсё будзе на месцы».

Прэсавы сакратар «BELPOL» прагназуе, што падобным чынам турэмныя ўлады зрэагуюць і на смерць Алеся Пушкіна. «Тым больш, тут язва. У іх ёсць усе падставы «адмазаць». Не будзе ніхто разбірацца, адкуль яна ўзялася, чаму не была аказана медычная дапамога. Нічога не будзе. Проста, скажуць, ну, так, чалавек смяротны. Смяротны раптоўна. Вось і ўся іх «адмазка». Абсалютная беспакаранасць».

Hавiны
З’явілася фота Марыі Калеснікавай пасля аперацыі
2022.12.05 21:12

Нагадаем, што раней прабадзенне язвы ў калоніі перажыла палітзняволеная Марыя Калеснікава. 28 лістапада 2022 года да праблемаў з ціскам, млоснасці і стратаў прытомнасці ў Марыі Калеснікавай дадаўся пакутлівы боль у страўніку. Яе тэрмінова шпіталізавалі ў Гомель з прабадзеннем язвы і зрабілі аперацыю. Пазней палітзняволеную перавялі ў медычную санчастку калоніі, дзе дазволілі пабачыцца з бацькам.

Незадоўга да шпіталізацыі Калеснікава адбывала 10 содняў у штрафным ізалятары, дзе было вельмі холадна, праз што Марыя амаль не спала. Некалькі разоў яна непрытомнела, мела павышаны ціск і млоснасць. Сярод іншага, яна страціла прытомнасць у душы і пры падзенні параніла ногі.

Вядома, што Марыя да гэтага часу мае праблемы са здароўем. Не вядома, у якім стане і дзе знаходзяцца палітвязні Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч, Максім Знак і многія іншыя.

Hавiны
Марыя Калеснікава надалей мае праблемы са здароўем
2023.05.22 17:38

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў