У палітзняволенай Марыі Калеснікавай усцяж мае праблемы са здароўем. Праваабаронцам вядома, што праз гэта Марыя не працуе ў жаночай ПК № 4 у Гомлі, паведамляе рэсурс «Mayday Team».
Праваабаронцы паведамляюць аб праблемах са здароўем у Марыі Калеснікавай. Праз кепскі стан яе нават пад рукі выводзілі на пастраенне, таксама стала вядома, што яна не можа працаваць.
Апошнім часам Марыю ўтрымліваюць у адзіночнай камеры, магчыма, яна застаецца ў памяшканні камернага тыпу, раней яе рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА.
Пры гэтым Марыя ў гуморы ды надалей карыстаецца чырвонаю памадаю, што стала своеасаблівым сімвалам ейнай нязломнасці і аптымізму.
28 лістапада летась да праблемаў з ціскам, млоснасці і стратаў прытомнасці ў Марыі Калеснікавай дадаўся пакутлівы боль у страўніку. Яе тэрмінова шпіталізавалі ў Гомель з прабадзеннем язвы і зрабілі аперацыю. Пазней палітзняволеную перавялі ў медычную санчастку калоніі, дзе дазволілі пабачыцца з бацькам.
Незадоўга да шпіталізацыі Калеснікава адбывала 10 содняў у штрафным ізалятары, дзе было вельмі холадна, праз што Марыя амаль не спала. Некалькі разоў яна непрытомнела, мела павышаны ціск і млоснасць. Сярод іншага, яна страціла прытомнасць у душы і пры падзенні параніла ногі.
Алена Аляксандрава belsat.eu