У Вярхоўным Судзе Беларусі 8 і 9 жніўня прайшлі паседжанні па ліквідацыі Рэспубліканскай партыі і Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай згоды, піша ТАСС са спасылкай на прэс-службу суду.
Рэспубліканская партыя існавала з 25 траўня 1994 года, Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды была зарэгістраваная Міністэрствам юстыцыі 21 траўня 1997 года. Рашэнне аб ліквідацыі Рэспубліканскай партыі было прынятае 8 жніўня, Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай згоды – 9 жніўня.
Рэспубліканская партыя называе сябе цэнтрысцкай і выступае за тое, каб «і прэзідэнт, і просты грамадзянін былі роўныя перад законам». Партыя не прадстаўленая ў Палаце прадстаўнікоў, амаль не ўдзельнічае ў выбарах. Згодна з інфармацыяй на сайце па стане аж на 2002 год у партыі налічвалася больш за 9 тысяч чалавек. Больш свежых звестак пра колькасць сябраў партыі няма.
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды таксама не ўдзельнічала ў парламенцкіх выбарах ні ў 2019 годзе, ні ў папярэдніх.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» адносіць абедзве партыі да праўладных.
Раней Вярхоўны Суд зліквідаваў партыю «Зялёныя».
Ліквідацыя чакае АГП, партыю БНФ, Беларускую патрыятычную партыю. На 14 жніўня прызначаны разгляд пазову наконт ліквідацыі партыі БНФ, на 31 жніўня – Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады.
Мінюст таксама адмовіў у перарэгістрацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамадзе). Кіраўніцтва партыі збіралася абскардзіць рашэнне суду, на што мела месяц з моманту атрымання адказу з Мінюсту (да 11 жніўня 2023 г.).
Перарэгістрацыю ў адпаведнасці з новым законам аб партыях прайшлі толькі тры партыі – Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Ліберальна-дэмакратычная партыя і Камуністычная партыя Беларусі. Таксама сёлета была зарэгістраваная новая партыя – «Белая Русь».
Марыя Міхалевіч belsat.eu