Ці сумленна праходзілі выбары ва Узбекістане?


9 ліпеня на прэзідэнцкіх выбарах ва Узбекістане, згодна з прагнозамі многіх экспертаў, перамог дзейны прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў. Ён набраў 87,05 % галасоў. Цяпер Мірзіёеў зможа кіраваць да 2037 года. Як прайшлі выбары ў гэтай краіне ці былі парушэнні падчас галасавання? «Белсат» пацікавіўся ў эксперткі.

Прэзідэнт Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў.
Фота: president.uz

Пасля паправак, унесеных у канстытуцыю краіны ўвесну 2023 года, тэрмін знаходжання на прэзідэнцкай пасадзе павялічыўся з 5 да 7 гадоў, а папярэднія тэрміны дзейнага прэзідэнта абнуляюцца. Такім чынам, зноў абраны на найвышэйшы дзяржаўны пост Шаўкат Мірзіёеў зможа кіраваць краінай яшчэ два тэрміны.

Згодна са звесткамі Цэнтрвыбаркаму Узбекістана, яўка склала 79,8 %. За дзейнага прэзідэнта аддалі свае галасы 87,05 % выбарцаў, іншыя тры кандыдаты не набралі больш за 4 % галасоў.

Што лічыць сумленнымі выбарамі?

«Белсат» пацікавіўся тым, як праходзілі выбары ва Узбекістане, у сузаснавальніцы і галоўнай рэдактаркі выдання «HOOK.REPORT» Дарыны Солад.

Сумленнасць выбараў, на думку эксперткі, у Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне і наагул у постсавецкіх краінах – «даволі цікавая гісторыя». Для міжнародных назіральнікаў яны праходзяць у цэлым без асаблівых парушэнняў. «Але што лічыць сумленнымі выбарамі?» – пытаецца яна.

«Наколькі мы ведаем, ва Узбекістане, як і ў іншых краінах Цэнтральнай Азіі, практычна поўнасцю адсутнічае апазіцыя. То бок улада дапускае толькі пэўныя партыі да выбараў, пэўных кандыдатаў. У такіх умовах нават самі выбары могуць праходзіць без асаблівых парушэнняў. Але любая спроба зарэгістраваць іншую, не афіцыйную, з пункту гледжання ўладаў, партыю будзе заканчвацца тым, што людзі або не змогуць гэта зрабіць, або недабяруць галасоў, або нават калі здарыцца цуд і яны зарэгіструюць партыю і змогуць высунуць кандыдата, мы ўбачым тое, што яны не прайшлі рэгістрацыю, акрэдытацыю і нешта пайшло не так», – гаворыць Дарына Солад.

Hавiны
На выбарах ва Узбекістане перамог дзейсны прэзідэнт Шаўкат Мірзіёеў
2023.07.10 11:22

Ніхто не ўспомніць імёнаў іншых кандыдатаў

Разам з тым, адзначае Дарына Солад, усе, хто сачыў за ходам перадвыбарчай кампаніі адзначалі, што ў дзейнага прэзідэнта было нашмат больш перавагаў, чым ва ўсіх іншых кандыдатаў.

Гэта звязана з тым, што ягоная перадвыбарчая праграма моцна адрознівалася ад праграм іншых кандыдатаў: у ёй было больш канкрэтыкі, адэкватныя даты дасягнення тых ці іншых абяцанняў, дый самі абяцанні не былі ўзятыя са столі, а прапісваліся так, што за іх пазней «хочаш не хочаш, а прыйдзецца адказваць».

Акрамя таго, у Мірзіёева была вельмі моцная медыйная падтрымка, адзначае суразмоўніца «Белсата»: вялікая колькасць блогераў, журналістаў, лідараў меркаванняў запісвалі відэа пра тое, што «Мірзіёеў – наш прэзідэнт». Таму сама пастаноўка гэтых выбараў была такой, што ніякіх іншых кандыдатаў, акрамя Мірзіёева, людзі і не разглядалі.

«Вы зараз на ўскідку можаце спытаць у любога жыхара Ташкента, як звалі астатніх кандыдатаў, яны вам нават не скажуць. Бо гэтых людзей не бачна, не чутна, яны не выступалі… Таму, канечне, не ведаючы ўсіх астатніх, людзі выбіраюць Мірзіёева», – гаворыць экспертка.

Больш за тое, кажа Дарына Солад, у краіне ёсць такая ўпэўненасць, што «зменлівасць улады прывядзе толькі да горшых наступстваў: будзе вельмі страшна, будзе вельмі дрэнна і пачнецца калапс, вайна і катастрофа».

Таму пры ўсіх гэтых дадзеных, падсумоўвае экспертка, атрымліваецца, што назваць гэтыя выбары сумленнымі вельмі складана, назваць іх празрыстымі фактычна немагчыма, бо дасюль невядома, на што былі патрачаныя 15 мільёнаў долараў, вылучаныя на правядзенне перадвыбарнай кампаніі.

«Ці была ў іншых кандыдатаў магчымасць перамагчы? – задае пытанне Дарына Солад. – Я не ўпэўненая, што яны ставілі сабе такую мэту. Што хаця б адзін з гэтых кандыдатаў быў зацікаўлены ў тым, каб у выніку стаць прэзідэнтам».

Разам з тым ні ў кога ва Узбекістане не існуе ніякіх доказаў, што адбываліся нейкія моцныя фальсіфікацыі. «І ў той жа час сказаць пра тое, што гэта былі абсалютна дэмакратычныя, сумленныя выбары, у якіх усе ахвочыя партыі маглі зарэгістравацца і ўдзельнічаць у перадвыбарчай гонцы, я таксама сказаць не магу», – падкрэсліла рэдактарка «HOOK.REPORT».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў