Улады афіцыйна прызналі, што ў двух раёнах Менску пакуль нельга піць водаправодную ваду

«Менсквадаканал» у ноч на 25 чэрвеня распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што на падставе патрабаванні санітарных службаў піць водаправодную ваду ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёне сталіцы пакуль нельга.

«УП «Менсквадаканал» інфармуе, што на падставе патрабаванні санітарных службаў выкарыстанне вады для пітных патрэбаў у Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах забаронена. Пра магчымасць выкарыстання вады для пітных мэтаў будзе паведамлена дадаткова», – адзначаецца ў заяве, апублікаванай ноччу на сайце прадпрыемства.

У «Менсквадаканале» дадаюць, што выкарыстанне вады для гаспадарча-бытавых патрэбаў дапускаецца. Інфармацыя аб размяшчэнні аўтацыстэрнаў з вадой ёсць на сайце, а таксама пра гэта можна даведацца ў кантакт-цэнтры 115.

Раніцай на сайце прадпрыемства паведамлялася, што працаўнікі «Менскводаканал» усю ноч праводзілі прафілактычныя працы на сетках водазабеспячэння ў Фрунзенскім і Маскоўскім раёнах.

«Якасць вады ў магістральных сетках і ў раённых помпавых станцыях цалкам адпавядае патрабаванням санітарных правілаў і нормаў. З мэтай паскоранага вываду вады з рэшткавым пахам з сістэмаў водазабеспячэння пераканаўча просім у ранішнія гадзіны выкарыстоўваць ваду на гаспадарча-бытавыя патрэбы або забяспечыць яе зліў на працягу 10-15 хвілінаў», – паведамляюць на «Менсквадаканале».

У прадпрыемстве дадаюць, што за дадзеныя абʼёмы вады плата спаганяцца не будзе.

«Калектыў УП «Менскводаканал» прыкладае ўсе намаганні да нармалізацыі якасці вады ў кватэрах менчукоў», – кажуць на прадпрыемстве.

«Не магу заставацца ў баку». Як менчукі аб’ядноўваюцца праз праблемы з вадою

  • 24 чэрвеня ў Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах сталіцы пачаліся праблемы з пітною вадою. Жыхары наракалі на рэзкі пах і пякоту. Хутка быў арганізаваны падвоз вады ў цыстэрнах. Прадстаўнікі Менгарвыканкаму адразу заявілі, што аніякіх шкодных рэчываў не было знойдзена, а ўсе праблемы са смуродам – за высокай тэмпературы. Увечары 24 чэрвеня тэлеканал «Беларусь 1» паведаміў, што даследавання ў лабараторыі паказалі, што «па асноўных паказніках якасць адпавядае санітарным нормам, на гранічна дапушчальнай мяжы толькі паказнік па паху». Прадстаўнік «Менсквадаканалу» нават заявіў, што якасць вады ўжо пачала паляпшацца.

ІІ belsat.eu

Hавiны