У справе ашмянскіх мытнікаў абвесцілі прысуды


Менскі абласны суд вынес рашэнне па першай групе ашмянскіх мытнікаў, якіх вінавацілі ў атрыманні хабараў у асабліва буйным памеры (852 тыс. долараў). 16 асобаў атрымалі ад 5 да 11,5 гадоў турэмнага зняволення.

Большасць мытнікаў сваю віну прызналі.

13 фігурантаў прысуджаныя да пазбаўлення волі, двое (адзін з іх беларускі бізнесоўца з Астраўца Рэвака) – да хіміі, яшчэ адзін (літоўскі бізнесоўца Артур Тураеў) – да штрафу ў 2 тысячы базавых (BLR 46 тысяч), яго выпускаюць. Юрый Кавальчук і Ігар Бубноў не прызналі віну. Іх асудзілі да 5 і 6 гадоў адпаведна.

У асноўным, фігуранты справы атрымалі ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі – у многіх будуць канфіскаваныя аўта і грошы.

Адзіную абвінавачваную жанчыну Мароз прысудзілі да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Найбольшы тэрмін атрымаў былы мытнік Гарнік Сарумянц – 11,6 гадоў узмоцненага рэжыму. У яго канфіскуюць 1,8 мільёна долараў, знойдзеных пад ваннай у кватэры. Сам Сарумянц заявіў, што грошы не яго, а знаёмага, якога абвесцілі ў вышук.

Суд таксама вынес прадпісанне КДБ, які расследаваў справу. У суддзі ёсць прэтэнзіі да якасці вядзення крымінальнай справы. Акрамя таго, яшчэ адно прадпісанне вынесена Мытнаму камітэту, які змог дапусціць гэта злачынства.

Гучны працэс у Менскім абласным судзе пачаўся ў лістападзе 2016 года. На лаве падсудных амаль уся верхавіна ашмянскай мытні, а таксама два бізнесмены – Тураеў з Вільні і Рэвака з Астраўца. Адных абвінавачваюць па ч.3 арт. 430 КК «Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры», іншых – па ч.2 арт. 431 «Даванне хабару».

Паводле следства, з 2010-га да 15-га года на пункце пропуску Каменны Лог на беларуска-літоўскай мяжы працавала крымінальная групоўка, у якую ўваходзілі 58 мытнікаў. Ашмянскія мытнікі бралі хабар памерам ад 100 да 250-ці долараў, сярод іншага за тое, каб прапускаць фуры з кветкамі без адпаведнага мытнага афармлення. Агулам падсудным інкрымінуюць атрыманне больш за 800 тысяч долараў хабару. Сярод тых, хто застаецца за кратамі, – Алесь Юркойць, які па-за працаю на мытні вядомы як мясцовы краязнаўца

У 2015-ым годзе справу ашмянскіх мытнікаў распачаў Камітэт дзяржбяспекі. Тады ж гэтую справу каментаваў і кіраўнік краіны. Паводле Лукашэнкі, у карупцыйную схему былі ўлучаныя практычна ўсе працаўнікі Каменнага Логу. Гаворка пра шкоду дзяржаве на мільёны долараў, і гэтую шкоду, адзначыў Лукашэнка, мусяць скампенсаваць у трох- ці пяціразовым памеры.

Сярод іншага назіральнікі зазначалі, што Ашмянская справа – гэта следства міжведамственнай вайны паміж Мытным камітэтам і КДБ.

ДР belsat.eu паводле tut.by

Стужка навінаў