Пуцін не хоча быць «восьмым»

Перамовы прэзідэнта Францыі Эманюэля Макрон з ягоным расейскім калегам Уладзімірам Пуціным у форце Брэгансон прайшлі за некалькі дзён да сустрэчы лідараў «сямёркі» на курорце Б’ярыц. Макрон будзе гаспадаром гэтай сустрэчы і, зразумела, яму важна было нагадаць пра амаль забыты час, калі «сямёрка» была «васьмёркай», а Пуцін прыязджаў на пасяджэнні.

Як быць з Крымам?

Аднак вяртанне наўрад ці адбудзецца. Эманюэль Макрон, уласна, пра гэтае вяртанне казаў – праз Украіну. І сцвярджаў – цалкам слушна – што вяртанне да папярэдняга фармату можа адбыцца ў выпадку, калі раздражненне, якое з’явілася паміж Захадам і Расеяй праз Украіну будзе пераадолена.

Але ж узнікае пытанне: а як пераадолець гэтае раздражненне?

Нават калі тэарэтычна ўявіць сабе, што атрымаецца вырашыць канфлікт на Данбасе, вывесці адтуль расейскія сілы і аднавіць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны на мацерыку, то як быць з Крымам? Бо Расею папрасілі з «васьмёркі» менавіта пасля Крыму, пасля таго, як яна груба парушыла тэрытарыяльную цэласнасць суседняй дзяржавы і далучыла частку яе тэрыторыі.

Пры гэтым для самога Уладзіміра Пуціна пытанне Крыму закрытае раз і назаўжды. А для заходніх лідараў пагадзіцца з гэткай пастаноўкай пытання – гэта адмовіцца ад самой магчымасці абараняць асноўныя прынцыпы міжнароднага права.

Пуцін – сярод сваіх

Фота kremlin.ru

Я не ведаю, ці вернецца калі-небудзь у фармат «васьмёркі» Расея. Але не сумняваюся, што сам Пуцін у гэты фармат не вернецца ніколі.

Не вернецца яшчэ і таму, што сама «васьмёрка» патрэбная яму ў куды меншай ступені, чым ягонаму папярэдніку Барысу Ельцыну, якога і запрасілі ў гэты фармат. Гэта тое, чаго, магчыма, не могуць зразумець Макрон ды іншыя. Для Ельцына пашырэнне «сямёркі» было знакам вяртання яго краіны ў цывілізаваны свет, пацвярджэннем, што Расея ў гэтым свеце гуляе на роўных. Але Пуцін зусім не лічыць цывілізаваны свет цывілізаваным.

На сустрэчах «васьмёркі» ён у апошнія гады сваіх паездак выглядаў ізаляваным – і гэта відавочна не лепшыя адчуванні для чалавека, які хацеў бы, каб яго ўспрымалі як аднаго з лідараў сучаснага свету.

Затое на сустрэчах «дваццаткі» Пуцін – сярод сваіх. Там прысутнічаюць Кітай і іншыя краіны БРІКС. Там Пуцін можа сам вырашаць, з кім яму сустракацца. І там ён сапраўды ізаляваным не выглядае, нават калі ўвесь Захад ад яго адварочваецца і Трамп адмяняе сустрэчу. А самае галоўнае – на сустрэчах у фармаце «дваццаткі» з’яўляецца ілюзія той ролі Расеі ў свеце, якую яна пры сваім эканамічным патэнцыяле гуляць проста не ў стане.

{%CAPTION%}І гэта тое, што Пуцін спрабаваў растлумачыць Макрону і французскім журналістам падчас саміту ў форце Брэгансон – ёсць іншыя фарматы, чаму мы ўвесь час успамінаем пра «васьмёрку»? І гэта тое, у што Макрон і іншыя заходнія лідары проста ніколі не павераць – таму што яны заканамерна лічаць свет, у якім знаходзяцца, прэстыжным і вызначальным для будучыні.

І яны вераць, што Пуціну вельмі хочацца ў гэты свет, і трэба яго спакушаць вяртаннем – як гэта рабіў Макрон. А Пуцін жыве ў сваім свеце, і ягоныя ўяўленні пра прэстыж і ўплыў значна адрозніваюцца ад уяўленняў Макрона ды іншых удзельнікаў «вялікай сямёркі».

Таму гэтыя людзі ніколі адзін аднаго не зразумеюць, і Пуцін нікуды не вернецца.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Мнения
Путин противопоставляет протестам свою «крымскую легитимность»
2019.08.12 10:54

Віталь Портнікаў для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў