Сітуацыя ва Украіне: актывізацыя баёў у Работыне і баі за востраў Нэстрыга


«Белсат» падводзіць вынікі 797-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 30 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Кіраўнік NATO Енс Стольтэнбэрг і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў Кіеве, Украіна. 29 красавіка 2024 года.
Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай вобласцяў)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё дзевяці атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Бераставое і Новаегораўка ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Стэльмахаўкі ў Луганскай вобласці.

Аналітыкі праекту «Deepstate» гавораць, што акрамя гэтага на купянскім кірунку расейцы, уводзячы рэзервы, працягваюць атакаваць у сяле Кіслоўка, але істотных поспехаў не маюць.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ кантралююць прынамсі ўсходнюю частку Кіслоўкі. Пры гэтым крыніца адзначае, што ЗСУ пачалі выводзіць сілы з суседняй Катляраўкі, апасаючыся атачэння.

На суседнім, ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, войскі РФ цягам содняў не менш за 13 разоў атакавалі ў ваколіцах Твэрдахлібава, Нэўскага, а таксама на тэрыторыі Сэрэбранскага лясніцтва на Луганшчыне, і ў ваколіцах Тэрноў, Торскага і Зарэчнага на поўначы Данецкай вобласці – паўсюль безвынікова.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў Луганскай на поўдзень ад ракі Сівэрскі Данец)

Высокая інтэнсіўнасць баявых дзеянняў фіксуецца на бахмуцкім кірунку, дзе ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ.

Генштаб ЗСУ піша пра 33 адбітыя атакі ў ваколіцах Белагораўкі, Верхнякаменскага, Раздолаўкі, Часавага Яру, Іванаўскага, Клішчыеўкі і Андрэеўкі.

«Рыбарь» паведамляе, што каля Іванаўскага, а таксама на трасе Т0504, што вядзе да гораду Касцянтынаўка, баі маюць сустрэчны характар.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» адзначае цяжкую для ЗСУ сітуацыю на ўсходніх ускрайках гораду Часаў Яр.

Пры гэтым ніводная з крыніцаў пакуль не фіксуе заўважных зменаў лініі сутыкнення.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку войскі РФ паступова развіваюць свой наступ, атакуючы па ўсёй шырыні фронту на захадзе ад аднайменнага гораду.

У «Deepstate» гавораць, што расейцы цягам содняў прасунуліся ў бок сяла Новааляксандраўка і ў паселішчы Керамік.

Расейскі ваенкар Сямён Пегаў сцвярджае, што войскі РФ рухаюцца на захад ад раней занятых сёлаў Сэмэнаўка і Бэрдычы.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» паведамляе пра замацаванне УС РФ на ўсходзе Нэтайлава.

У Міністэрстве абароны РФ пішуць, што ЗСУ контратакуюць на ўсёй лініі сутыкнення.

На навапаўлаўскім кірунку найбольш складаная для ЗСУ сітуацыя назіраецца ў Краснагораўцы.

Аналітыкі «Deepstate» фіксуюць прасоўванні расейцаў ва ўсходніх ваколіцах гораду.

«Рыбарь» удакладняе, што войскі РФ прасунуліся больш чым на паўтара кіламетра, што было вынікам ранейшага ўсталявання кантролю над больш высокімі паўднёвымі ўскрайкамі Краснагораўкі.

Акрамя гэтага, крыніца піша аб поспехах расейцаў на поўдні гораду, а таксама на захадзе, дзе яны намагаюцца абысці тэрыторыю мясцовага цагельнага заводу.

Вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ мяркуюць, што атакі на сам завод, а таксама абыход яго з флангаў, разлічаныя на атачэнне або выцісканне сілаў абароны з тэрыторыі прадпрыемства. 

Ніжэй на лініі фронту расейцы атакуюць у сяле Георгіеўка і на захад ад раней занятай Новамыхайлаўкі, але поспехаў не маюць.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку актыўнасць войскаў РФ лакалізуецца ў ваколіцах населеных пунктаў Уражайнае і Старамаёрскае – так званы ўрэмаўскі выступ на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў. Расейскія вайскоўцы ў тэлеграм-канале «Воин DV» заяўляюць аб сваім прасоўванні на адлегласць да аднаго кіламетра ў ваколіцах апошняга сяла. Адначасова з гэтым была адбітая атака ЗСУ каля Уражайнага.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні ідуць на выступе фронту паміж сёламі Вэрбовае і Работына (на поўдзень ад гораду Арэхаў).

«Рыбарь» сцвярджае, што УС РФ, скарыстаўшыся перакідваннем часткі ўкраінскіх сілаў пад Аўдзееўку, атакавалі ў Работыне і вымусілі ЗСУ выйсці з населенага пункту. У выніку чаго пад кантролем расейцаў аказалася большая частка сяла, а паўночныя ўскрайкі перайшлі ў так званую шэрую зону, бо на іх немагчыма замацавацца.

Між тым аналітыкі «Deepstate» адмаўляюць захоп расейцамі Работына, пры гэтым удакладняецца, што фактычна ўвесь населены пункт цяпер у шэрай зоне, бо быў цалкам зруйнаваны ў выніку баёў.

Тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што расейцы зайшлі ў сяло з поўдня, паставілі свой сцяг, пасля чаго былі выбітыя сіламі абароны Украіны.

Яшчэ адна праўкраінская крыніца – канал «Офіцер» – пацвярджае гэтую інфармацыю і піша, што цяпер войскі РФ зноў намагаюцца зайсці ў Работына. Баі працягваюцца.

Сямён Пегаў мяркуе, што расейцы змогуць усталяваць кантроль над сялом толькі тады, калі пачнуць абыходзіць яго з флангаў – з усходу і захаду, – інакш паселішча, нягледзячы на інтэнсіўныя баі, так і будзе заставацца ў шэрай зоне. 

У Херсонскай вобласці Узброеныя сілы РФ атакуюць на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў, але поспеху не маюць.

У «Deepstate» пішуць пра абвастрэнне сітуацыі на востраве Нэстрыга (у рэчышчы ракі Дняпро), пра вызваленне якога 28 красавіка заявіў галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі. Паводле аналітыкаў, заява аказалася паспешнай, бо аперацыя яшчэ не была завершаная, у выніку чаго расейцы пачалі масіраваныя абстрэлы і спробы высадкі свайго дэсанту, каб заняць хаця б частку вострава.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў