Святлана Ціханоўская пачала візіт у Нарвегію


Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская пачала візіт у Нарвегію з выступу ў парламенце і сустрэчы са спікерам парламенту Нарвегіі. Запланаваныя сустрэчы з прэм’ерам Нарвегіі, міністрам замежных справаў, міністрам культуры, мэрам Осла і іншымі прадстаўнікамі нарвежскіх уладаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская са сваёй камандай у Нарвегіі.
Фота: прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай

Падчас выступу перад Камітэтам замежных справаў парламенту Нарвегіі Святлана Ціханоўская заклікала Нарвегію павялічыць падтрыманне незалежных медыяў, рэпрэсаваных, браць патранаж над палітвязнямі. Абмяркоўвалі, як зрабіць санкцыі ў дачыненні рэжыму і прыцягнуць рэжым да адказнасці за рэпрэсіі супраць беларусаў, паведамляе прэс-служба Офісу Ціханоўскай. Таксама палітык распавяла аб працы над новым беларускім пашпартам.

Яна заклікала дэпутатаў правесці кампанію за вызваленне Алеся Бяляцкага і паспрыяць беларускай дыяспары ў Нарвегіі ў пытаннях легалізацыі і атрымання дакументаў.

Алеся Бяляцкага ўзгадвалі і на сустрэчы са спікерам парламенту Нарвегіі Масудам Гарахані. с Ціханоўская абмеркавала арганізацыю выставы ў нарвежскім парламенце, прысвечаную Бяляцкаму і іншым палітвязням.

«Ціханоўская і Гарахані абмеркавалі апошнія правакацыі з боку рэжыму на адрас суседзяў і магчымасць уцягвання беларусаў у вайну. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што сярод беларусаў ёсць трывалы кансэнсус супраць удзелу беларускай арміі ў вайне на баку Расеі», – працягвае прэс-служба.

Святлана Ціханоўская са сваёй камандай у Нарвегіі.
Фота: прэс-служба Офісу Святланы Ціханоўскай

Таксама Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі нарвежскіх НДА і беларускай дыяспары ў Нарвежскім Хельсінкскім камітэце. Падчас дыскусіі абмяркоўвалі стратэгію дэмакратычных сілаў на 2025 год, падтрыманне грамадскіх і культурных ініцыятываў, а таксама кампаніі салідарнасці з палітзняволенымі.

«Тысячы людзей дагэтуль утрымліваюцца ў якасці палітычных зняволеных у самых бесчалавечных умовах. Адзін з іх – мой муж. Мае дзеці не бачылі свайго бацькі ўжо чатыры гады. Ужо год яго трымаюць без сувязі з вонкавым светам, і я не ведаю, ці жывы ён. Адзін з іх – Алесь Бяляцкі. Ён не толькі наш герой і сімвал супраціву, але ён звязвае нарвежскі і беларускі народы. І разам мы павінны змагацца за ягонае вызваленне, а таксама ўсіх тых, хто за кратамі. Нягледзячы на тэрор, беларусы не здаюцца і працягваюць супраціўляцца», – сказала Ціханоўская ў Хельсінкскім камітэце.

Яшчэ адна сустрэча – з экспертнай супольнасцю ў Нарвежскім Інстытуце міжнародных справаў (NUPI). Там абмяркоўвалі стратэгію Захаду адносна Беларусі, падтрымку Нарвегіяй дэмакратычнай супольнасці Беларусі, падрыхтоўку праектаў рэформаў Новай Беларусі. Ціханоўская адзначыла, што лёсы Украіны і Беларусі ўзаемазвязаныя, змены ў Беларусі могуць пачацца нечакана, і міжнародная супольнасць павінна быць да гэтага гатовая.

Hавiны
Як у Беларусі адбудуцца перамены? Дэмсілы падрыхтавалі чатыры сцэнары
2023.12.13 17:21

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў