Пуцін набраў 76,67 % паводле вынікаў апрацоўвання больш за 99 % пратаколаў

На раніцу 19 сакавіка ЦВК апрацаваў 99,84% пратаколаў, згодна з якімі Пуцін набраў 76,67%.

За яго прагаласавалі 56 021 803 выбарца. У ЦВК падкрэслілі, што вынік сёлетніх выбараў – рэкордны ў гісторыі Расеі. Гэта – на 5,1 мільёна больш, чым у 2004 годзе.

Кандыдат ад КПРФ Павел Грудзінін на другім месцы, у яго 11,8%. Лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі набраў 5,67%. Кандыдат ад «Грамадзянскай ініцыятывы» Ксенія Сабчак набрала 1,67%. Су-заснавальнік партыі «Яблык» Рыгор Яўлінскі набраў 1,04%, бізнес-амбудсмен Барыс Цітоў – 0,76%, лідар «Камуністаў Расеі» Максім Сурайкін – 0,68%, кандыдат ад «Народнага саюзу» Сяргей Бабурын – 0, 65%.

Выніковую яўку абвесцяць сёння. Па выніках апрацоўкі 95% пратаколаў яна склала каля 67%.

На гэты момант 100% пратаколаў апрацавалі 68 рэгіёнаў, Масквы і Пецярбургу сярод іх няма. У Чачэніі Пуцін набраў 91,44%, Грудзінін на другім месцы з 4,62%, на трэцім – Бабурын з 1,18%.

У штабе Сурайкіна заявілі, што не прызнаюць вынікі падліку галасоў. Ён паабяцаў, што на наступных прэзідэнцкіх выбарах пераможа і нарэшце пабудуе грамадства, якое будзе збалансавана паводле ўсіх параметрах.

Сяргей Бабурын назваў вынікі выбараў «цудамі», з якімі трэба будзе разбірацца пазней. Аднак палітык не паставіў пад сумнеў перамогу Пуціна. Ксенія Сабчак таксама прызнала, што дзейнага кіраўніка Расеі падтрымала большасць выбарцаў.

Вынікамі застаўся незадаволены Жырыноўскі. Ён заявіў, што на выбарах «няма роўных умоваў для ўсіх кандыдатаў».

Пасля галасавання Пуцін выступіў у Маскве на мітынгу-канцэрце ў гонар гадавіны далучэння Крыму, падзякаваў сваім прыхільнікаў за давер, заклікаў іх разам прыступіць да новай маштабнай працы і заявіў, што Расея асуджаная на поспех. На пытанне журналістаў, ці збіраецца ён балатавацца ў прэзідэнты ў 2030 годзе, ён сказаў, што гэта «трошкі смешна».

Пуціна з перамогай ужо павіншавалі кіраўнікі Балівіі, Венесуэлы, Казахстану, Кітаю і, вядома, Беларусі.

ДР belsat.eu паводле tvrain.ru

Hавiны