Плоцяць усе. У Беларусі ўводзяць новы дарожны падатак


Аўтамабіль, які 11 жніўня на Партызанскім праспекце спынілі даішнікі, каб затрымаць. Фота ад герояў артыкулу

З наступнага году аплату аўтамабільнага падатку будзе кантраляваць падатковая. Плаціць трэба будзе раз на год. Усім уладальнікам транспартных сродкаў будуць рассылаць паведамлення з падатковай інспекцыі. Памер аплаты будзе залежаць ад масы аўтамабіля і складзе ад 61 да 223 рублёў, піша TUT.by.

Хто будзе плаціць падатак?

Цяпер дарожны падатак будуць плаціць усе ўладальнікі аўтамабіляў, у незалежнасці ад таго, ці карыстаюцца яны машынаю. Прыклад: у вас можа быць два аўтамабілі, але карыстацца вы будзеце адным. Аднак плаціць прыйдзецца за кожны.

Сярод галоўных хібаў новаўвядзення – неабходнасць плаціць падатак раз на год. Аўтамабільны эксперт Зміцер Навіцкі тлумачыць, што існуе вялікая колькасць людзей, якая карысталася аўтамабілямі ў летні перыяд. Таму для іхнага бюджэту гэты падатак будзе сур’ёзным ударам. Асабліва для тых, каму ў спадчыну дасталіся старыя аўто бацькоў.

«Яго лепей скіраваць у бок частаты выкарыстання аўтамабіля. У гэтым сэнсе лагічней яго было б прывязаць да бензіну», — кажа адмыслоўца.

Колькі трэба будзе заплаціць?

  • за аўтамабіль масай да 1,5 тоны стаўка падатку – 61 рубель;
  • больш за 1,5 тоны, але не больш за 1,75 тоны – 81 рубель;
  • больш 1,75 тоны, але не больш за 2 тоны – 102 рублі;
  • больш за 2 тоны, але не больш за 2,25 тоны – 122 рубля;
  • больш 2,25 тоны, але не больш за 2,5 тоны – 142 рубля;
  • больш за 2,5 тоны, але не больш за 3 тон – 162 рубля;
  • больш за 3 тоны – 223 рубля;
  • матацыкл – 40 рублёў.

Ад платы падатку вызваляюцца людзі з інваліднасцю I і II групы, пенсіянерам будзе зніжка ў 50 %, а людзі з інваліднасцю III групы маюць заплаціць 25 %.

Фота: Belsat.eu

Запрашэнне да рэцэсіі

Эканаміст Яраслаў Раманчук кажа, што перафарматаванне дарожнага падатку – гэта ледзь не лепшы спосаб забіць «беларускую эканамічную мадэль».

«У сітуацыі, калі палова камерцыйных прадпрыемстваў на мяжы выжывання, калі ў бюджэце агромністыя дзіркі, калі павялічваюцца падаткі (на ўезд, акцызы), то зразумела, што чыноўнікам хочацца добра есці. Як у тым анекдоце: «Тата, водка падаражэла, ты будзеш меней піць?», «Не, вы будзеце меней есці». Вось і стаўленне беларускага Мінфіну. Лічы, што мы атрымалі запрашэнне да рэцэсіі», – сцвярджае адмыслоўца.

Калі трэба будзе заплаціць падатак?

Плаціць падатак трэба будзе раз на год. Усім уладальнікам транспартных сродкаў будуць рассылаць паведамлення з падатковай інспекцыі. Напрыклад, як і ў выпадку з падаткам на нерухомасць, паведамленні дашлюць да 15 лістапада, разлічыцца з казной трэба будзе да 15 снежня.

Аднак наступны год будзе пераходным. Таму паведамленні дашлюць ня пазней за 1 лістапада 2021, выплаціць падатак трэба будзе не пазней за 15 снежня 2021 года.

Калі вы ўжо заплацілі падатак сёлета, то болей нічога плаціць вам не трэба будзе. А кантраляваць аплату будзе падатковая.

Дарэчы, улады абяцаюць, што мінімум 50 % сабраных грошай пойдуць на рамонт дарог.

17 снежня ўлады абвясцілі, што могуць зрабіць платным перасячэнне беларускай мяжы на аўтамабілі. Папануецца дазволіць абласным саветам дэпутатаў уводзіць мясцовы збор на перасячэнне мяжы — не больш за 3 базавыя велічыні або Br 81.

КТ belsat.eu

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў