Памёр актор віцебскага тэатру з дыягназам COVID-19


Пра смерць актора Belsat.eu пацвердзіла дачка Віктара Дашкевіча. Гэта першая смерць ад SARS-CoV-2 у Беларусі.

Віктар Дашкевіч (75 гадоў) быў акторам віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа.

Віктар Дашкевіч.
Фота: kolastheatre.by

30 сакавіка стала вядома, што актор знаходзіцца ў рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Тэсты выявілі ў яго каронавірусную інфекцыю.

Першапачаткова лекары сцвярджалі, што ў Віктара Дашкевіча і ягонай жонкі запаленне лёгкіх. Іх накіравалі на шпіталізацыю ў тубдыспансер. Аднак ён быў перапоўнены і ім выпісалі антыбіётыкі ды адпусцілі дадому, распавядала «Нашай Ніве» жонка Дашкевіча.

«Удома ў мужа паднялася тэмпература. Калі нас прыйшла праверыць дзяжурная доктарка, то сказала, што трэба неадкладна ехаць у больніцу. Нас накіравалі ў скурвендыспансэр, які цяпер абсталявалі пад пульманалогію. Паклалі ў розныя палаты. Там узялі аналізы на каронавірус, але сказалі, што аналіз адмоўны», – распавяла жонка Дашкевіча.

Праз некалькі дзён актору стала горш і яго перавялі ў «Віцебскі абласны клінічны спецыялізаваны цэнтр». Там яму яшчэ раз зрабілі тэст на каронавірус. 26 сакавіка стала вядома, што Віктар Дашкевіч інфікаваны.

Абноўлена
Актор віцебскага тэатру трапіў у рэанімацыю праз каронавірус. Яшчэ 11 актораў на бальнічным
2020.03.30 11:52

Віктар Дашкевіч быў заслужаным артыстам Беларусі. У віцебскім тэатры ён граў ролі ў спектаклях «Доктар філасофіі», «Кот у ботах», «Яшчэ раз пра любоў». У 2010 годзе актор атрымаў медаль медаль Францыска Скарыны.

У медычным пасведчанні аб смерці напісана, што непасрэднай прычынай смерці стала «неўдакладненая пнеўманія».
Фота: racyja.com

30 сакавіка дырэктар тэатру, дзе працаваў нябожчык, паведаміў, што 11 актораў Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа знаходзяцца на бальнічным.

29 сакавіка блогер NEXTA паведаміў, што МУС забараніла міліцыянтам пакідаць і наведваць Віцебшчыну.

Па стане на 11:00 31 сакавіка ў Беларусі пацвердзілі 152 выпадкі інфікавання каронавірусам.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў