Па аўтадарогах ізноў паедзе вайсковая тэхніка. Мінабароны Беларусі заклікае быць уважлівымі


У межах комплекснага правярання баявой і мабілізацыйнай гатовасці Узброеных сілаў Беларусі 6 лютага ажыццяўляецца перасоўванне колавай тэхнікі па аўтадарогах рэспубліканскага значэння ў Берасцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай вобласцях.

«Просім жыхароў населеных пунктаў і кіроўцаў транспартных сродкаў быць як мага больш уважлівымі пры перамяшчэнні вайсковай тэхнікі з улікам складаных умоваў надвор’я», – адзначаецца ў паведамленні на сайце Мінабароны.

З аналагічным заклікам да грамадзянаў Беларусі Мінабароны выступала 29 студзеня.

Нагадаем, 29 студзеня згодна з рашэннем міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова распачалася комплекснае правяранне баявой гатовасці беларускай арміі.

Міністэрства абароны правярае аператыўны і тактычны ўзровень ваенных органаў, механізаваныя і танкавыя часткі, падраздзяленні сілаў спецаперацыяў, а таксама войскі тэхнічнага і тылавога забеспячэння.

У межах праверкі плануецца прызваць з запасу каля 1400 чалавек, а таксама атрымаць 20 адзінак тэхнікі з дзяржаўных органаў і арганізацыяў.

Для стварэння абстаноўкі, блізкай да рэальнай, дзеянні ўмоўнага праціўніка будуць імітаваць падраздзяленні сілаў спецыяльных аперацыяў.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў