Наста Рыбка распавяла CNN, пра што ёй забаранілі казаць расейскія спецслужбы


Расейскія спецслужбы забаранілі Анастасіі Вашукевич (больш вядомай пад псеўданімам Наста Рыбка) публічна выказвацца пра алігарха Алега Дзерыпаску. Пра гэта дзяўчына заявіла ў інтэрв’ю CNN.

Журналіст нагадаў Вашукевіч, што летась яна паабяцала распавесці пра сувязі расейскіх палітыкаў з кіраўніком перадвыбарчага штабу Трампа Полам Манафортам і самім Доналдам Трампам.

Аднак цяпер Вашукевіч адмовілася адказваць на пытанні пра Дзерыпаску, заявіўшы, што пасля затрымання ў Расеі ёй «дакладна растлумачылі, што трэба рабіць і казаць, а што не трэба». На пытанне, хто ёй гэта патлумачыў, дзяўчына адказала, што гэта былі «расейскія агенты».

«Яны сказалі мне: не чапай больш Алега Дзерыпаску», – сказала Вашукевіч.

  • Наста Рыбка (сапраўднае імя – Анастасія Вашукевіч) з Бабруйску здабыла вядомасць пасля расследавання Аляксея Навальнага, прысвечанага сувязям алігарха Алега Дзерыпаскі з віцэ-прэмʼерам Расеі Сяргеем Прыходзькам, якія раскрыліся пасля відэа, дзе яны абодва плаваюць на яхце і абмяркоўваюць умяшанне ў амерыканскія выбары. На яхце былі дзяўчыны з эскорту, у тым ліку Рыбка, якая і зняла ўсё на відэа і апісала ў сваіх сацсетках.
  • Наста Рыбка разам з «секс-інструктарам» Алексам Лэслі (таксама беларусам Аляксандрам Кірылавым) былі затрыманыя ў Тайландзе яшчэ ў лютым 2018 года. Мясцовыя ўлады абвінавацілі іх у незаконным правядзенні секс-трэнінгу. Праз амаль год у тайскай турме Рыбку дэпартавалі ў Беларусь па рашэнні суда. Яна ляцела транзітам праз Маскву. Вечарам 17 студзеня ў аэрапорце «Шарамеццева» паліцыя Масквы затрымала Алекса Лэслі і Насту Рыбку, а таксама яшчэ двух чалавек па справе аб арганізацыі прастытуцыі. Супраць іх распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 240 КК РФ (Уцягванне ў заняцце прастытуцыяй). Расейскі апазіцыянер Аляксей Навальны і Фонд барацьбы з карупцыяй прыйшлі да высновы, што алігарх Алег Дзерыпаска асабіста замовіў затрыманне Анастасіі Вашукевіч.
  • 22 студзеня Рыбку і Лэслі вызвалілі з турмы пад падпіску аб яўцы. Адначасова з’явілася інфармацыя, што да іх вызваленні нібыта датычны асабіста Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ да вызваленне беларусаў прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант паведаміла, што кіраўнік дзяржавы даручыў «неадкладна заняцца вызваленнем» Рыбкі. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей, каментуючы вызваленні беларускі, заявіў, што гэта «комплексная заслуга».
  • Аднак 23 студзеня адвакат беларускі Дзмітрый Зацарынскі адзначыў, што яго здзівіла інфармацыі пра тое, што прадстаўнікі беларускай дыпламатыі вызвалілі Рыбку. «Іх не бачыў ні я, ні Настасся Вашукевіч. Яны да яе не звярталіся. Мы не абмяркоўвалі пытанняў ейнага выезду ў Беларусь. Яна не набывала квіткоў. Яна ў Маскве, у яе ёсць муж, яны разам. Бліжэйшымі днямі яна нікуды не паедзе. На гэтым тыдні яна напэўна будзе ў Расеі. Доўгіх планаў мы не будавалі. Крымінальная справа не спыненая. Следства працягваецца», – патлумачыў ён.
ВІДЭА
Наста Рыбка: Дзякуй прэзідэнту маёй любімай краіны
2019.01.23 18:23

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў