МУС заявіла аб амністыі непаўналетніх, асуджаных за распаўсюд наркотыкаў


Ілюстрацыйнае фота Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

Амністыю прыменяць да 83 чалавек, якія адбываюць пакаранне паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу, падае радыё «Свабода» са спасылкай на начальніка Галоўнай управы па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Генадзя Казакевіча.

Колькі з 83 падлеткаў ужо сёлета выйдзе на волю, а якой частцы тэрмін пакараньня будзе скарочаны на два гады, міліцыянт не паведаміў.

Агулам амністыю прыменяць да 1600 вязняў, асуджаных паводле антынаркатычнага артыкулу.

У руху «Маці-328» на імавернасць ужыць амністыю да ўсіх непаўналетніх глядзяць скептычна.

«Што 100% амністыя ў іх будзе, ня веру, бо сярод падлеткаў ёсьць і 4 частка 328 артыкула, з якой справы аб амністыі адразу адкладаюць убок», – заявіла старшыня Ларыса Жыгар. – Мы галадоўку праводзілі, каб гэтую 4-ую частку зьнялі зусім, бо там вельмі няпэўныя крытэры, шмат справаў прыцягнутыя да гэтай часткі штучна, бяздоказна, але нічога пакуль не ўдаецца.

Паводле Жыгар, шанцаў на амністыю асуджаных пабаўляюць таксама спагнанні за парушэнні парадку ў калёніі.

Улетку 2019 года частка асуджаных па наркатычным артыкуле выйшла пасля амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Праз два тыдні пасля таго, як амністыя набыла моц, вызвалілі цэлы аўтобус дзяцей», – паведаміла «Белсату» актывістка руху «328» Таццяна Канеўская.

У Беларусі, паводле розных ацэнак, за кратамі застаецца ад сямі да 17-ці тысячаў чалавек, асуджаных паводле 328-га артыкулу.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў