Дзяржава амністуе 6000 чалавек – у тым ліку асуджаных па «наркатычным» артыкуле


Вязні папраўчай калоніі ў Навасадах пад Барысавам працуюць на вытворчасці вёдраў. Фота – Forum / Reuters

28 чэрвеня Палата прадстаўнікоў прыняла на паседжанні ў першым і другім чытаннях законапраект аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае БелТА.

Прадстаўляючы дакумент у парламенце, міністр унутраных справаў Юрый Караеў заявіў, што ў Беларусі заўсёды дзее прынцып гуманізму ў дачыненні да асобаў, якія адбываюць пакаранне.

«Дзяржава не толькі карае, але і дае магчымасць асуджаным датэрмінова вызваліцца ад адбыцця пакарання», – заявіў глава МУС.

Амністыя закране каля шасці тысячаў чалавек, якія станоўча паводзілі сябе ўвесь тэрмін адбыцця пакарання і цалкам кампенсавалі шкоду, прычыненую сваім злачынствам.

Прадугледжваецца, што асуджаных вызваляць ад усіх відаў пакарання і іншых захадаў крымінальнай адказнасці, ад дадатковых пакаранняў, а таксама спыняць папярэдняе расследаванне па крымінальных справах у дачыненні да асобаў, якія ўчынілі злачынствы, што не прадстаўляюць вялікай грамадскай небяспекі або адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх.

Паводле Караева, з месцаў пазбаўлення волі выйдзе каля 2035 асуджаных, з іх – 45 непаўналетніх. З папраўчых установаў адкрытага тыпу – 685 чалавек. Яшчэ 3242 асуджаных здымуць з уліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях, удакладняе «Onliner».

Законапраект быў распрацаваны па даручэнні Аляксандра Лушашэнкі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў