Крызіс у Венесуэле. Што губляе Менск ад падзення рэжыму Мадура?


Масавыя пратэсты ў Венесуэле прымушаюць паглядзець больш пільна на двухбаковую эканамічную супрацу Беларусі і гэтай паўднёваамерыканскай краіны.

Гарачая любоў паміж двума «братэрскімі» народамі ўжо даўно астыла, і нагадваюць пра яе сёння хіба толькі даўгі, якія мае Венесуэла перад Беларуссю, ды парк імя Уга Чавэса ў Менску.

Нафтаздабыча ўжо не тая

Як паведамляе сайт беларускай амбасады ў Каракасе, Беларусь і Венесуэла ажыццяўляюць каля 85 сумесных праектаў у галіне будаўніцтва жылля, сумеснай нафтаздабычы, газіфікацыі, энергетыкі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, навуковай сферы. На тэрыторыі Венесуэлы пры ўдзеле беларускіх спецыялістаў уведзеныя ў эксплуатацыю некалькі жылых мікрараёнаў у розных гарадах, заводы па вытворчасці керамічных блокаў, па зборцы трактароў, грузавых аўтамабіляў і дарожна-будаўнічай тэхнікі.

Дзейнічае шэраг сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку ў сферы здабычы нафты і газу. Гэтак, сумеснае прадпрыемства «Петралера БелаВенесалана» вяло распрацоўку сямі нафтавых і шасці газавых радовішчаў. У лепшыя часы Беларусь здабывала тут 1,2 млн тон нафты за год, але потым аб’ёмы рэзка ўпалі. У 2017 годзе Менск быў гатовы павялічыць іх да 2-3 млн тон за год пры ўмове, што беларусам дазволяць самім выйсці на радовішча і здабываць нафту. Але пытанне дагэтуль не вырашанае.

Hавiны
Геалогія на экспарт: што шукае Беларусь за мяжою?
2018.12.14 11:24

Гандаль на ўзроўні статыстычнай хібнасці

Экспарт у Венесуэлу ўжо даўно не мае вялікага значэння для беларускай эканомікі. Паводле дадзеных «Белстату», піку ён дасягнуў у 2010 годзе – 302 млн долараў. Але пасля смерці былога прэзідэнта Венесуэлы Уга Чавэса ў 2013 годзе і пачатку сістэмнага крызісу венесуэльскай эканомікі ў 2014-ым, памёр дэ-факта і беларускі экспарт.

За ўвесь 2017 год Беларусь паставіла ў Венесуэлу прадукцыі толькі на 10 млн долараў – то бок, у 30 разоў менш у параўнанні з пікавым паказнікам. І гэта ўсяго толькі 0,03 % ад агульнага беларускага экспарту. Практычна адзіным таварам, які паставіла Беларусь у Венесуэлу ў 2017 годзе, былі калійныя ўгнаенні.

Па інфармацыі беларускай амбасады, аснову беларускага экспарту тавараў у Венесуэлу складаюць прадукцыя машынабудавання і сухое малако, аснову імпарту – прадукты прамога аднаўлення жалезнай руды і кава. Але пра іх абʼёмы «Белстат» не паведамляе – пэўна, з прычыны іх невялікай колькасці. Імпарт нафты, які пачаўся на хвалі чарговых нафтагазавых спрэчак паміж Менскам і Масквой, быў спынены як нявыгадны.

Аб’ектыў
Ці верне Беларусь свае грошы пасля змены ўлады ў Венесуэле?
2019.01.24 20:48

Хто каму вінен больш?

І хоць пастаўкі венесуэльскай нафты скончыліся, беларускі доўг застаўся. Як заяўляў у 2013 годзе эканаміст Яраслаў Раманчук, агульная сума запазычанасці за нафту дасягала 2,8 млрд долараў, што не вельмі падабалася новым уладам Каракаса. Неўзабаве венесуэльскі бок ад спагнання доўгу адмовіўся. Але высветлілася, што Венесуэла сама павінна грошы Беларусі. Гэтак, беларусы будавалі ў доўг жыллё (113 млн долараў станам на канец 2017 года). Не аплачваліся і пастаўкі беларускай тэхнікі (доўг толькі за трактары перавысіў 50 млн долараў), а яе зборка на супольных прадпрыемствах амаль спынілася. То бок, супольны доўг Венесуэлы перад Беларуссю як мінімум перавышае 160 млн долараў.

У выніку Венесуэла паабяцала аплачваць даўгі пастаўкамі жалезных зліткаў. Яны мусілі пачацца ў другой палове 2018 года. А будаўніцтва венесуэльскі бок хацеў пачаць аплачваць нацыянальнай крыптавалютай El Petro.

«Лепш увогуле не завадзіць такіх сяброў»

У 2017 годзе бакі спрабавалі выправіць сітуацыю, і нават збіраліся падрыхтаваць дарожную мапу развіцця двухбаковых стасункаў. Падпісаць яе планавалася падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Венесуэлу ў 2018 годзе. Але ніякага візіту дагэтуль так і не адбылося.

Як адзначыў у каментары Belsat.eu беларускі эканаміст, былы кіраўнік Нацбанку Станіслаў Багданкевіч, Беларусі ўвогуле «не трэба было завадзіць такіх сяброў і рызыкаваць уласнай маёмасцю, уласнымі даходамі, уласнымі крэдытамі». Але, на яго думку, «наша ўлада, на жаль, заўжды абірае такія ж рэжымы, якія падобныя да ўласнага, якія вядуць уласную эканоміку, уласны народ да галечы».

У будучым, мяркуе эксперт, Беларусь будзе вымушаная прызнаць і новы ўрад, і новага прэзідэнта Венесуэлы. І хоць у бліжэйшыя гады ніякія даўгі Беларусь не атрымае, Венесуэла, якая мае аграмадныя рэсурсы нафты, пры не дыктатарскім урадзе магла б узнавіць свой эканамічны патэнцыял і праз 10-15 гадоў вярнуць грошы Менску, заявіў Станіслаў Багданкевіч. Але гэта – аптымістычны сцэнар.

МГ/Belsat.eu

Hавiны
Беларуска ў Каракасе: «Людзі вельмі стаміліся і нічога не баяцца»
2019.01.24 15:51
Стужка навінаў