На мінулым тыдні завяршыўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Агулам было вылучана 703 чалавекі. Колькі з іх прадстаўляюць БРСМ і «Белую Русь» не ведаюць і ў саміх арганізацыях.
Сябры БРСМ і «Белай Русі» вылучаюцца шляхам збору подпісаў або праз вылучэнне працоўнымі калектывамі. У афіцыйнай статыстыцы ЦВК прыналежнасць кандыдатаў да грамадскіх арганізацыяў не фігуруе, ёсць толькі дадзеныя па палітычных партыях.
Праўда, у некаторых вылучэнцаў сяброўства ў БРСМ або «Белай Русі» пазначана ў якасці месца працы, але гэта тычацца толькі прадстаўнікоў кіроўнага звяна гэтых арганізацыяў. Напрыклад, у дэпутаты ідзе старшыня РГА «Белая Русь» Генадзь Давыдзька.
У «Белай Русі» і БРСМ журналісту belsat.eu таксама не змаглі паведаміць дакладную колькасць сваіх вылучэнцаў.
Начальнік адзела арганізацыйна-кадравай працы «Белай Русі» Аляксандр Чарнавус у размове з belsat.eu прызнаўся, што інфармацыі пра колькасць кандыдатаў у дэпутаты ад грамадскага аб’ядання ён на дадзены момант не мае, але гаворка мусіць ісці пра дзясяткі чалавек.
«Канчатковая інфармацыя будзе на наступным тыдні, калі будзем праводзіць нараду з удзелам усіх чальцоў штабоў», – дадаў ён.
Адзначым, што вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты скончылася 7 кастрычніка, а на гэтым тыдні, 17 кастрычніка, будзе завершаны этап рэгістрацыі кандыдатаў.
У аддзеле кадраў БРСМ без згоды кіраўніцтва даць інфармацыю пра колькасць вылучэнцаў ад арганізацыі адмовіліся. А само кіраўніцтва ўсю першую палову дня па кантактных нумарах не дасяжнае.
Раней на сайце БРСМ было прэзентавана 8 кандыдатаў ад арганізацыі – так званая «каманда Саюзу моладзі». Сярод іх – «Міс Беларусь» Марыя Васілевіч, дырэктарка Бабруйскага дзяржаўнага каледжу Вера Шырокая і шэсць першых сакратароў БРСМ розных узроўняў (ад вобласці да ВНУ).
Праўда, вылучаюцца яны не толькі сіламі БРСМ. Напрыклад, за ўдзельніка каманды «Саюзу моладзі» Павел Міхалюк адначасова збірае подпісы «Белая Русь».
ІІ belsat.eu