Канцлагер ад Карпянкова і новы ўдар па ЧС-2021. 160-ы дзень пратэсту ў Беларусі


Мікалай Карпянкоў.
Фота: Дар’я Буракіна, TUT.BY

Нягледзячы на маразы і рэпрэсіі, грамадзяне Беларусі працягваюць выступаюць супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў, а таксама патрабаваць пакарання вінаватых. 160 паслявыбарных дзён запар.

Новы зліў ад сілавікоў

Пачаўся дзень з таго, што ініцыятыва «ByPol» апублікавала аўдыязапіс, дзе чалавек з голасам, падобным да голасу экс-кіраўніка ГУБАЗіКу, а сёння намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова, заклікае падначаленых да жорсткіх дзеянняў супраць пратэстоўцаў. Ён распавядае пра новыя, закупленыя ў Расеі, пісталеты і кажа пра неабходнасць іх актыўнага ўжывання, не зважаючы на магчымыя ахвяры.

Таксама выступоўца заяўляе пра планы стварэння канцлагера для палітвязняў і заяўляе, што сілавікі «прыкрытыя з усіх бакоў у плане ўжывання зброі». Паводле яго, такія загады аддае сам Аляксандр Лукашэнка, які таксама абяцае найбольш актыўным дзяржаўныя ўзнагароды.

У МУС Беларусі аўдыёзапіс назвалі фэйкам. А Святлана Ціханоўская, Павел Латушка і Валерый Цапкала ўжо заявілі пра неабходнасць міжнароднага расследавання і санкцыяў. Адпаведныя заявы ўжо накіраваныя ў міжнародныя інстытуцыі ды іншыя краіны. Да расследавання сказанага на аўдыё ўжо заклікала праваабарончая арганізацыя «Amnesty International».

Хакейны чэмпіянат усё бліжэй да адмены

Прыходзяць усё новыя звесткі адносна магчымага правядзення чэмпіянату свету ў хакеі ў Беларусі ў 2021 годзе. Гэтак, кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF) Рэнэ Фазэль распавёў швейцарскім журналістам, што 12 студзеня даў зразумець Лукашэнку, што «чэмпіянат свету будзе немагчымы без змянення палітычнай сітуацыі ў краіне».

Паводле яго, правесці турнір на сваёй тэрыторыі гатовыя Латвія, Славаччына і Данія.

Пікет беларусаў каля офісу Skoda.
Фота: Alena Tsikhanovich / Facebook

У сваю чаргу брэнд «Nivea» паведаміў, што не будзе спансараваць ЧС-2021 па хакеі, калі яго правядуць у Беларусі. Над адпаведным рашэннем думае і чэшская кампанія «Škoda».

Канчатковае рашэнне адносна турніру будзе прынятае ў канцы студзеня.

«Трэба мець хворую фантазію, каб прыдумаць вось такое абгрунтаванне»

У самой Беларусі МУС Беларусі, насуперак ранейшым фільмам дзяржаўных тэлеканалаў, якія казалі, што ініцыятыва By_Help раскрадае сабраныя грошы, абвінаваціла журналіста Андрэя Аляксандрава і ягоную дзяўчыну Ірыну Злобіну ў аплаце штрафаў ды іншай дапамозе пацярпелым удзельнікам пратэстаў.

Грошы яны нібыта атрымлівалі ад фонду салідарнасці «BY_help». Агулам Аляксандраў і Злобіна аплацілі больш за 250 штрафаў, гаворыцца ў паведамленні МУС. Дапамогу пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў у МУС кваліфікавалі як фінансаванне ўдзельнікаў масавых «закалотаў».

«Тое, што людзям збіраюць грошы пасля таго, як іх аштрафавалі, тым больш аштрафавалі незаконна, то трэба мець хворую фантазію, каб прыдумаць вось такое абгрунтаванне», – кажа прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту Алег Гулак.

Працягваюцца рэпрэсіі і супраць іншых удзельнікаў пратэстаў. Гэтак, падчас курапацкай варты быў затрыманы Зміцер Дашкевіч, выносяцца новыя прысуды іншым пратэстоўцам, працягваецца ціск на кнігавыдаўцоў.

Тым не менш, беларусы, нягледзячы на рэпрэсіі і моцныя маразы, працягваюць выходзіць на пратэст.

Напрыклад, вялікі марш сёння прайшоў на Лагойскім тракце ў Менску.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў