Аляксей Лазараў – інжынер-праграміст, былы кандыдат у дэпутаты, актывіст «Моладзевага блоку». У лістападзе хлопца на паўгода забралі ў войска дзякуючы «закону аб адтэрмінаванні». У яго скончыўся тэрмін службы, і ён распавёў belsat.eu, ці варта гэта таго было.
Аляксей Лазараў праходзіў службу ў вайсковай частцы #71327 у вёсцы Заслонава ў Лепельскім раёне ў Віцебскай вобласці. Летась скончыў БДУ, працаваў праграмістам у адной з кампаніяў-рэзідэнтаў ПВТ ды планаваў працягнуць навучанне ў магістратуры. Аднак планы змяніліся праз «закон аб адтэрмінаванні», згодна з якім прызыўнікі могуць толькі аднойчы атрымаць адтэрмінаванне ад войска па вучобе.
Ён удзельнічаў у леташняй парламенцкай кампаніі як прадстаўнік «Моладзевага блоку», аднак стаць дэпутатам не атрымалася. Прышлося адслужыць у войску паўгода. Дадому ён вярнуўся ў суботу 23 траўня. У войску хлопец вёў шчыры дзённік аб сваёй службе.
«Толькі зараз усведамляю, што ўсё гэта скончылася, і я ўжо дома. Флэшбэкі не турбуюць. Усё забылася, жыццё пакрысе ўваходзіць у нармальны лад», — распавядае Аляксей.
Па вяртанні з войска Аляксей перш-наперш адправіўся дапамагаць бацькам з рамонтам. Нават з сябрамі не бачыўся, адно спаткаўся са сваёй дзяўчынай.
Аляксей намагаўся быць у курсе таго, што адбываецца ў Беларусі. Навіны аб пратэстах супраць інтэграцыі з Расеяй, пандэміі каронавірусу і прэзідэнцкай кампаніі яго не абмінулі. Кажа, што тлумачыў саслужыўцам у войску бягучую палітычную сітуацыю.
«Мяне прасілі распавесці, хто такі Ціханоўскі, Бабарыка, Чэрачэнь. Няшмат людзей увогуле ведаюць, што такое парламент, Палата прадстаўнікоў. Большасць увогуле не разбіраюцца, як працуе дзяржава», – зазначае ён.
Сваіх напарнікаў па службе Лёша апісвае, як «звычайных грамадзянаў». Большасць – з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. З некаторымі саслужыўцамі ён пасябраваў, што нават развітвацца было сумна.
Гаворачы пра афіцэраў Лёша адзначае, што большасці не падабаецца іхная праца. Шмат хто хоча скончыць кантракт і пайсці на цывільную працу.
«На маю думку афіцэрам быць трохі страшна: калі нешта адбываецца з жаўнерамі, то вінаватыя яны», – тлумачыць хлопец.
Менавіта таму ў войску процьма забаронаў. Напрыклад, нельга рубіць сякерай, гуляць у футбол.
«Аднак пры гэтым зброю нам давяралі. Нейкі дысананс», – наракае Аляксей.
Пасля смяротнай трагедыі ў «Печах» у войску шмат робяць дзеля спынення дзедаўшчыны. У частцы паўсюль былі папярэджанні аб крымінальнай адказнасці за здзекі над іншымі. Ды і афіцэры пільна сачылі за парадкам.
«Фізічнага гвалту ніхто не чыніў. Могуць накрычаць, нават лаянкаю, але не болей».
Але зараз ён разумее, адкуль у войску з’явілася дзедаўшчына: раней гэта быў ледзь не адзіны спосаб прымусіць жаўнера рабіць, што патрэбна паводле Статуту.
«Для салдатаў няма аніякіх узнагародаў, калі яны зробяць нешта хутка ці эфектыўна. У войску трэба адседзець час. Таму калі афіцэр кажа салдату нешта капаць ці фарбаваць, той будзе гэта рабіць максімальна марудна. Паўплываць на хуткасць амаль немагчыма».
Аніякага ціску з-за актывісцкага мінулага да Аляксея не было.
«Аніхто не разумее, што такое выбары, як яны праходзяць. Першы час былі прафілактычныя размовы з-за твітара. Але потым усё скончылася».
У войску не ўсе карыстаюцца інтэрнэтам, таму часта інфармацыя нагадвала глухі тэлефон.
«Часам я нават не разумеў прэтэнзіяў», – смяецца Лёша. – «Я думаю, што яны пабайваліся. Мяне ратаваў арэол медыйнасці».
Зараз з-за пандэміі ў войску забароненыя спатканні і адпачынкі. Часткі больш пільна прыбіраюцца і апрацоўваюцца антысептыкамі.
Пры ўваходзе ў іншае памяшканне трэба апрацоўваць рукі дэзынфікуючым растворам. Абавязковае правіла – апрацаваць рукі камандзіру часткі, каб ён не пакараў.
«У частцы паказваюць толькі дзяржаўнае беларускае тэлебачанне. Таму да жаўнераў не даходзіць інфармацыя, наколькі гэта насамрэч страшна, як людзі паміраюць. Яны не адчуваюць небяспекі і не абараняюць сябе», – распавядае Лёша.
«Я думаў, што нас будуць вучыць ваяваць і забіваць. Але насамрэч жаўнеры толькі фарбуюць, рамантуюць, прыбіраюць», – распавядае Аляксей. – «Згодна з раскладам там мусяць быць тэарэтычныя заняткі. Але нічога такога няма».
Пастраляць з аўтамату Аляксею на службе давялося толькі тройчы і па 8 патронаў кожны раз. Кажа, што гэтага было занадта мала. Ракету запусціць так і не давялося: падчас вучэнняў ён хварэў.
Фізічнай падрыхтоўкі ў войску няма. Адзіная фізічная нагрузка – гэта зарадка. Самастойна займацца спортам таксама нельга.
«Да войска я мог падцягнуцца сем разоў, а праз паўтары месяцы – толькі два разы. Агулам мой фізічны стан вельмі пагоршыўся, я страціў 7 кілаграмаў».
Аляксей апісвае сваю службу, як «нарады і праца ў парку тэхнікі».
«Шмат што робіцца на паказуху. Да нас у частку прыязджаў міністр абароны, і нас нават хавалі. Не разумею, чаму міністр не мусіць бачыць салдатаў тэрміновай службы», – разводзіць рукамі хлопец.
Зараз Аляксей будзе разбірацца з уласнымі справамі: сканчаць рамонт, прыгадваць праграмаванне і вяртацца на працу, вучыць ангельскую мову. Па-ранейшаму плануе навучанне ў магістратуры ў Чэхіі. Актывізм таксама не плануе пакідаць.
«Гэта проста так цябе не адпускае!» – кажа хлопец.
Дзяўчына Аляксея, з якою яны ўжо больш за чатыры гады, хлопца дачакалася.
«У войску апавядаюць вельмі шмат гісторыяў, як людзі расстаюцца праз разлуку. Асабліва тыя, хто паўтары гады служаць. Я чуў, як сварыліся праз тэлефон. Бачыў, як хлопец плакаў», – тлумачыць Аляксей.
Войска паўплывала на характар хлопца. Ён зазначае, што зрабіўся больш цвёрдым.
«Да войска я прыслухоўваўся да людскіх праблемаў, але войска вучыць цябе больш нейтральна ставіцца ад іншых. Там ва ўсіх пастаянна нейкія праблемы. Паступова ты проста перастаеш іх заўважаць», – адзначае Аляксей.
Аніякіх карысных навыкаў паўгода службы хлопцу не далі.
«Я навучыўся жыць у вайсковым летніку, ставіць намёты, капаць акопы. У выпадку вайны гэта неяк дапаможа. Аднак для цывільнага жыцця аніякай карысці».
«Моладзевы блок» даваў дзяржаве сваё прапановы датычна зменаў у войску. Сярод іншага:
Пасля службы Аляксей пераканаўся ў сваёй слушнасці.
«Я бачыў, што шмат хто разумее патрэбу ў зменах. Але не ведаюць, як гэтыя рэформы правесці. Напэўна без змены ўлады наўрад ці гэтыя ідэі рэалізуюцца», – падкрэслівае хлопец.
Паўтарыць гэтыя паўгода Аляксей не гатовы за аніякія грошы.
«Войска – гэта канцэнтрацыя Беларусі. А для мяне вельмі важная свабода. Зараз я свой доўг Радзіме аддаў і больш нічога не вінен».
Ксенія Тарасевіч Belsat.eu