Гвалтаўнікі ў Галівудзе. Лавіна гучных абвінавачванняў не спыняецца


Глабальнае мыццё бруднай бялізны Галівуду пачалося прыкладна месяц таму з абвінавачванняў у сексуальным гвалце рэжысёра Гарві Вайнштэйна. І далей: Кевін Спейсі, Брэт Ратнер, Дастын Хоффман. Усё больш жанчынаў і мужчынаў распавядаюць свае гісторыі шматгадовай даўніны аб дамаганнях з боку выбітных фігураў Галівуду. Прыпыняюцца здымкі фільмаў, скасоўваюцца кантракты. Хваля адкрыццяў ужо далёка па-за межамі зорнай даліны.

Гарві Вайнштэйн

Фота: Twitter

Адзін з самых уплывовых прадзюсараў Галівуду пакінуў пост галавы сваёй кінавытворчай кампаніі пасля таго, як каля сотні жанчынаў распавялі прэсе аб дамаганнях і агрэсіі з боку Вайнштэйна. Сярод іх – зоркі кінематографу Анджэліна Джолі, Гвінет Пэлтроў. Ад прадзюсара сышла жонка, з якой яны пражылі ў шлюбе 15 гадоў.

Стваральніка фільмаў «Гангстэры Нью-Йорка», «Закаханы Шэкспір», лаўрэата і шматразовага намінанта на Оскар вінавацяць у прымушэнні жанчынаў да сексуальнага масажу, дэманстрацыі сваіх палавых органаў і абяцанні прасоўвання кар’еры праз згоду на ложак. Сцэнарый у шматлікіх выпадках падобны: Гарві Вайнштэйн знаходзіў прычыну, каб запрасіць жанчыну да сябе ў пакой, потым прапаноўваў ёй масаж або мог накінуцца на сваю госцю.

Супраць Вайнштэйна распачалося следства ў Лондане, Нью-Йорку і Лос-Анджэлесе. Прадзюсар пасля серыі абвінавачванняў выказаў свае спачуванні і папрасіў прабачэння за свае паводзіны.

«Я разумею, што мае адносіны з некаторымі маймі калегамі ў мінулым маглі спрычыніць боль, я выбачаюся за гэта, – сказаў Вайнштэйн выданню New York Times пасля публікацыі першых сведчанняў пацярпелых жанчын. – Я вырас у 60-70-я гады, калі на правілы паводзінаў на працоўным месцы глядзелі па-іншаму. Тады гэта было прымальна. З той пары я зразумеў, што гэта не апраўданне».

Брэт Ратнер

У сераду Los Angeles Times апублікавала сведчанні шасці жанчынаў, якія вінавацяць рэжысёра і прадзюсара Брэта Ратнера ў сексуальным гвалце. Выпадкі дамаганняў адбываліся ў прыватных памяшканнях, на здымачных пляцоўках або на святочных мерапрыемствах. Наташа Хэнстрыдж, акторка, узгадала аб выпадку гвалту да яе з боку Ратнера ў пачатку 90-х.

Прадстаўнікі Брэта Ратнера і яго адвакат адмаўляюць усе абвінавачванні. У той жа час, кампанія Warner Bros. прыпыніла ўсе сувязі з рэжысёрам.

Кевін Спэйсі, Дастын Хоффман

Актора Кевіна Спэйсі ў дзеяннях сексуальнага характару вінавацяць мужчыны, напрыклад, рэжысёр Тоні Мантана. Ён распавёў медыям, што ў 2003 годзе падчас вечарыны Кевін Спэйсі пераследаваў яго ў прыбіральні. Мексіканскі актор Робэрто Кавазос напісаў аб «шматлікіх непрыемных сустрэчах, якія былі падобныя на сэксуальныя дамаганні».

На фоне гэтых абвінавачванняў былі прыпыненыя здымкі шостага сезону серыялу «House of cards» з Кевінам Спэйсі ў галоўнай ролі.

Іншую галівудскую зорку, Дастына Хоффмана, якому зараз больш за 80 гадоў, абвінавачвае пісьменніца Анна Грэхам Хантэр, у тым, што ён неаднаразова намагаўся памацаць яе за інтымныя месцы і прапанаваць секс, калі ёй не было яшчэ 17 гадоў.

Джэймс Тобак

Больш за 200 жанчынаў адкрыта сведчаць аб дамаганнях з боку прадзюсара Джэймса Тобака. Зараз супраць яго вядзецца следства ў Бэверлі Хілз.

Між тым, Тобак адмаўляе абвінавачванні і нават кажа, што ў апошнія 22 гады дзеянні сексуальнага характару, якія апісваюць жанчыны, з яго боку «былі фізічна немагчымымі».

Ад зорнай Каліфорніі да глабальнага флешмобу

У Галівудзе – паніка. Хто наступны? Выданне Hollywood Reporter піша, што ўсе дамаганні і згвалтаванні адбываюцца праз тое, што злачынцы ўпэўненыя, што ім нічога за гэта не будзе. 99 адсоткаў сэксуальных злачынстваў не даходзяць нават да ведама паліцыі.

«А Галівуд, – гэта як нейкае брацтва. Такая ментальнасць прадугледжвае, што калі ты хочаш дасягнуць вяршыняў, ты вымушаны гуляць па іншых правілах. Свайго роду пропуск. Лаяльнасць – частка гэтага. Культура Галівуда падобная на культуру гангстэраў – каб даказаць, што ты варты, пакажы, што ты прымаеш правілы», – кажа Сінтыя Генры, псіхолаг.

Хваля абвінавачванняў, якая пачалася з Гарві Ванштэйна, ужо выйшла далёка па-за межы Галівуду. Сотні жанчын, а таксама мужчыны з палітыкі і мастацтва напісалі адкрыта ў сваіх сацыяльных сетках або звярнуліся да медыяў са сведчаннямі аб гвалце або спробах гвалту з боку кіраўніцтва, прадзюсараў, журналістаў. У сацыяльных сетках пад хэштэгам #metoo публікуюцца новыя сведчанні, а таксама паведамленні салідарнасці з пацярпелымі ад сэксуальнага гвалту.

Учора з паста галоўнага рэдактара прэстыжнага амерыканскага радыё NPR сыйшоў Майкл Орэскес пасля таго, як у Washington Post зʼявілася інфармацыя, што ў 90-х гадах ён цалаваў маладых дзяўчат, якія прыходзілі шукаць працу ў New York Times, калі Орэскес там працаваў рэдактарам.

ВЧ, belsat.eu, паводле latimes.com, washingtonpost.com, hollywoodreporter.com

Стужка навінаў