«Гэта нашы браты і сёстры. Але мы не можам ухваляць грэх»: хрысціяне распавялі пра збор подпісаў супраць ЛГБТ каштоўнасцяў


Абаронай здароўя дзяцей, сямʼі і традыцыйнага разумення шлюбу патлумачылі масавы збор подпісаў супраць каштоўнасцяў ЛГБТ супольнасці прадстаўнікі католікаў і праваслаўных на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў панядзелак у сталічным гатэлі «Славянская».

52 600 подпісаў за апошнія некалькі месяцаў сабралі каталікі, праваслаўныя і пратэстанты пад зваротам у Адміністрацыю прэзідэнта з прапановай абараніць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці і забараніць прапаганду аднаполых сувязяў, сказаў кіраўнік фонду «Адкрытыя сэрцы» католік Уладзіслаў Валаховіч.

Паводле Валаховіча, збор подпісаў, які вёўся з выкарыстаннем толькі невялікай часткі рэсурсаў хрысціянскіх арганізацыяў, засведчыў, што абсалютная большасць беларускага насельніцтва падтрымлівае такую забарону. Вялізны стос падпісаных зваротаў ляжаў на стале. «Калі трэба, будзе тры ці чатыры [гэткіх стоса подпісаў]», – сказаў прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сяргей Лемяшонак.

Праваслаўныя назапашваюць святую ваду ля Кафедральнага сабора. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Забарона прапаганды паводзінаў, якія пагражаюць здароўю моладзі, а таксама супярэчаць хрысціянскім каштоўнасцям большасці насельніцтва, не мае на мэце дыскрымінацыю людзей, адзначыў прадстаўнік Каталіцкага Касцёла арцыбіскуп Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч.

«Гэта мае браты і сёстры. Гэта як пʼяніца ці наркаман – яго ніхто не выганяе з Касцёла, аднак мы не можам ухваляць грэх, калі такі грэх здзяйсняецца», – сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч. Ён адзначыў, што схільнасць людзей да граху патрабуе дапамогі ім і адсутнасці іх дыскрымінацыі. «Мы не асуджаем чалавека, але асуджаем грэх», – дадаў каталіцкі арцыбіскуп.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі адзначылі, што не прапануюць нейкіх канкрэтных пакаранняў прадстаўнікам ЛГБТ супольнасці.

Аб’ектыў
Ці працуюць беларускія святары з ЛГБТ-вернікамі?
2019.11.04 21:42

belsat.eu

Стужка навінаў