Генпракуратура Грузіі: закалоты ў Тбілісі – спроба звяржэння ўлады


Генеральная пракуратура Грузіі прыйшла да высновы, што акцыя пратэсту каля парламента была спробай захопу ўлады.

«На падставе праведзенага расследавання і паказанняў дзясяткаў сведак следчы орган прыйшоў да высновы, што ў ноч з 20 на 21 чэрвеня 2019 года некаторыя асобы мелі намер гвалтоўна звергнуць і захапіць урад краіны шляхам бунту», – гаворыцца ў паведамленні на сайце пракуратуры.

Першы этап аперацыі прадугледжваў захоп парламента штурмам, а пасля «далейшыя дзеянні па захопу ўлады».

Міністэрства ўнутраных справаў Грузіі будзе працягваць расследаванне паводле ч. 3 арт. 315 КК Грузіі (мяцеж у мэтах гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, звяржэння або захопу ўлады). Гэты артыкул прадугледжвае ад 15 да 20 гадоў пазбаўлення волі.

«У бліжэйшы час колькасць абвінавачаных павялічыцца», – адзначае Генпракуратура.

Расследаванне працягнецца і паводле арт. 225 КК Грузіі (арганізацыя масавых закалотаў).

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў