«Единая Россия» згубіла амаль палову месцаў у Маскоўскай думе. План Навальнага спрацаваў


Апазіцыйныя кандыдаты атрымалі 20 з 45 месцаў у гарадской думе Масквы. Вынікі падліку 99 % бюлетэняў 8 верасня апублікавалі на сайце гарадской выбарчай камісіі.

Аляксей Навальны паведаміў пра поспех сваёй стратэгіі «разумнага галасавання» – прызыву галасаваць за прахадных кандыдатаў ад апазіцыі, каб парушыць манаполію «Единой России» ў гарадскім парламенце. Ён падзякаваў прыхільнікам у Twitter.

Ад КПРФ у Масгардуму праходзіць 13 кандыдатаў. Упершыню з 2005 года ў Масгардуме будуць дэпутаты ад партыі «Яблоко».

Вынікі выбараў у Масгардуму

З сярэдзіны ліпеня ў Маскве праходзілі акцыі пратэсту з патрабаваннем дапусціць да ўдзелу ў выбарах у Масгардуму незалежных кандыдатаў, сабраныя подпісы якіх выбаркам палічыў несапраўднымі. За гэты час сілавікі затрымалі тысячы ўдзельнікаў мітынгаў.

Паліцыя таксама затрымлівала лідараў апазіцыі і незалежных кандыдатаў у дэпутаты, у іх кватэрах і офісах адбыліся ператрусы. Следчы камітэт прад’явіў абвінавачванне 14 фігурантам справы аб «масавых беспарадках».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў