Ахвяру хатняга гвалту з Мазыра зноў збілі, але судзіць будуць яе – за бутэльку алею


Былы муж жыхаркі Мазыра Святланы Мішоты, нягледзячы на розгалас фактаў хатняга гвалту, працягвае здзекавацца з жанчыны і ейных блізкіх.

Жыхарка Мазыра Святлана Мішота працягвае змагацца за свайго непаўнагадовага сына. Ейны былы муж Максім Ляпёшкін пастаянна падае позвы на Святлану, каб забраць сына сабе. Днямі мазырскі суд чарговы раз пастанавіў, што галоўным апекуном двухгадовага Мікіты застаецца маці.

Аднак Максім Ляпёшкін адмаўляецца спыніць канфлікт. 28 лістапада былым сужэнцам прызначылі каардынацыйны савет (сустрэча былых сужэнцаў з чыноўнікамі райвыканкаму). На ім маюць вызначыць, ці акрэсліць, у якім становішчы знаходзіцца дзіцёнак. Калі становішча прызнаюць як сацыяльна небяспечнае, Мікіту Ляпёшкіна могуць забраць у прытулак.

Намеснік старшыні Мазырскага райвыканкаму Фелікс Галюк запэўніў belsat.eu, што ніхто сына адбіраць не хоча.

«Каардынацыйны савет праводзіцца ў іншай справе. Ніхто дзіця ў яе не забірае. Я каментароў даваць не буду», – адзначыў Фелікс Галюк.

Прыехала па сына, атрымала ў твар

Максім Ляпёшкін надалей парушае графік сустрэчаў з дзіцём, забіраючы яго да свайго бацькі, які пазней не хоча аддаваць унука маці. У адзін з апошніх разоў, калі Святлана прыехала па сына ў вёску Барыскавічы, што пад Мазыром, дзядуля Мікіты, Леанід Ляпёшкін, збіў жанчыну на вачах у міліцыянтаў.

Hавiны
Здзекаваўся, зламаў нос, пагражаў забіць. У Мазыры ў ахвяры хатняга гвалту могуць адабраць дзіця
2019.10.23 14:16

Мужчына не хацеў адчыняць дзверы і пускаць у дом, таму Святлане прыйшлося пералезці праз плот, каб адкрыць фортку супрацоўнікам РАУСу. Яна адзначае, што праваахоўнікі нават не спрабавалі ёй дапамагчы забраць сына.

«Сказали мне, маўляў, прыватная тэрыторыя, не маюць права заходзіць. А хтосьці мае права хаваць ад мяне сына?» – абураецца Святлана.

Праз дваццаць хвілінаў яна разам з міліцыянтамі ўсё ж трапілі ў дом. Дзядуля Мікіты адчыніў дзверы, але ўнука аддаваць не хацеў. Дайшло да штурханіны. Мужчына адсунуў малога, учапіўся ў Святлану і паваліў на падлогу. Жанчына кажа, што той выкручваў ёй рукі, схапіў за горла, валасы, ударыў па губе і ў твар.

«Я крычу міліцыянтам, каб тыя ўзялі дзіцё. А яны як стаялі на месцы, так і засталіся», – кажа дзяўчына.

«Парушала грамадскі парадак і лаялася»

Абсурднасць сітуацыі ў тым, што па выніку сваркі адказваць перад судом будзе яна, а не крыўднік, кажа Святлана.

«У міліцыянтаў ёсць відэарэгістратары, але яны адмовілі мне ў пазове, бо на відэа не бачна, як мяне павалілі і білі – рэгістратар здымае на ўзроўні грудзей. Пасля сваркі я раззлавалася і выпадкова перакуліла бутэльку з алеем. Яна не разбілася, алей не выліўся, але мяне будуць судзіць за хуліганства!» – зазначае мазыранка.

У заяве Леанід Ляпёшкін напісаў, што Святлана «парушала грамадскі парадак і абзывала яго».

ВІДЭА
Каб не забралі дзіця, маці мусіць давесці сваю адэкватнасць за $ 700
2019.10.31 08:00

У галаву з локця – два тыдні ў шпіталі

Тым часам не менш агрэсіўна паводзіць сябе і былы муж Святланы Максім Ляпёшкін. 14 лістапада Святлана сустрэлася з ім у судовага выканаўцы. Мужчына прывёў Мікіту. Мазыранка кажа, па малым было бачна, што ён не ўмыты, неахайна апрануты, заспаны.

«Ён пачаў мяне перадражніваць. Трымае Мікіту за руку і кажа: ідзі да мамы. Але цягне яго да сябе і смяецца».

Са Святланай прыйшла сяброўка Наталля Яцкова. Ляпёшкін ударыў яе локцем у твар, тая ўпала і ўдарылася галавой. Амаль два тыдні жанчына была ў шпіталі. У яе моцны струс мозгу. Сама Наталля кажа, што нават не паспела адрэагаваць, такі моцны і нечаканы быў удар.

Святлана Мішота з сынам Мікітам.
Фота: belsat.eu

Наталля напісала заяву ў міліцыю на Максіма Ляпёшкіна. На шчасце, кажа яна, у пакоі судовага выканаўцы была камера назірання, якая запісала ўсё, што адбывалася. У міліцыі кажуць, што суд будзе, але дата пакуль не прызначаная. На ейную думку, праблема дасюль не развязаная. Яна мяркуе, што Ляпёшкіна хтосьці пакрывае.

«Хай кажуць, што я паклёпнічаю, але гэта праўда. Участковы, які ходзіць правяраць Святлану, – сябра Ляпёшкіна. Яны адмыслова яе даводзяць, а чыноўнікі, праваахоўнікі заплюшчваюць вочы», – кажа Наталля Яцкова.

Belsat.eu будзе сачыць за развіццём сітуацыі Святланы Мішоты.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў