Больш за 6 млн галасоў за «Слугу народу». ЦВК абвясціў канчатковыя вынікі выбараў у Раду

На выбарах у Вярхоўную Раду Украіны ў агульнацыянальнай акрузе партыя «Слуга народу» прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага набрала 43,16 % галасоў тых, хто ўзяў удзел у галасаванні. Пра гэта сведчаць звесткі ЦВК пасля апрацоўкі 100 % бюлетэняў.

За слугаў народу прагаласавалі больш за 6,3 млн украінцаў.

На другім месцы – прарасейская «Апазіцыйная платформа – За жыццё»: 13,05 %, ці больш за 1,9 млн чалавек.

Што прагназуюць палітолагі «зялёнай» Радзе Украіны?

Таксама ў Вярхоўную Раду прайшлі партыя «Бацькіўшчына» былой прэм’еркі Юліі Цімашанка (8,18 % і амаль 1,2 млн выбарцаў), «Еўрапейская салідарнасць» былога прэзідэнта Пятра Парашэнкі (8,1 % і таксама амаль 1,2 млн галасоў) і «Голас» музыкі Святаслава Вакарчука (5,82 %, ці амаль 852 тыс. чалавек).

Пры пераводзе адсоткаў у мандаты, расклад па месцах будзе наступны: «Слуга народа» – 124 дэпутаты, «Апазіцыйная платформа – За жыццё» – 38, «Еўрапейская салідарнасць» – 23, «Бацькіўшчына» – 23, «Голас» – 17.

Разам з тым выбары ва Украіне праходзяць па змяшанай паралельнай прапарцыйна-мажарытарнай сістэме. Толькі 225 дэпутатаў абіраюцца ад партыяў, якія перасягнулі выбарчы бар’ер у 5 %. Але яшчэ 199 мандатаў – амаль палова парламента – разыгрываецца у мажарытарных акругах.

Палітолаг: «Зяленскі страціць папулярнасць, калі пойдзе на «дагаварнякі» са старымі элітамі»

Паводле мажарытарцы, у Раду праходзяць 130 дэпутатаў ад «Слугі народу», па 6 – ад «Апазіцыйнай платформы – За жыццё» і «Апазіцыйнага блоку», 3 – ад «Голасу», па 2 – ад «Еўрапейскай салідарнасці» і «Бацькіўшчыны».

Таксама ў парламент прайшлі па адным прадстаўніку ад ВА «Свабода», «Белай Царквы разам», «Самапомачы» і «Адзінага цэнтру». Яшчэ 46 будучых дэпутатаў былі самавылучэнцамі.

Такім чынам, «Слуга народу» набірае 254 мандаты і можа самастойна фармаваць урад. Упершыню ў гісторыі Украіны.

Кожны дзясяты ўкраінец у Беларусі прагаласаваў за Шарыя

МГ belsat.eu

Hавiны