Беларуская мова як сакрэтны код


Пэтсан і Фіндус, Мама Му, Малы і Мядзведзік: гэтыя героі шведскіх кніжак палюбіліся беларускім дзеткам ды іхным бацькам дзякуючы перакладам Надзеі Кандрусевіч. Для перакладчыцы падтрымліваць беларускую мову ды праз кнігі заахвочваць дзяцей чытаць і размаўляць на ёй – рэч прынцыповая. А ці ўдалося ёй перадаць любоў да беларускае мовы сваім дзецям?

«Калісьці я для сябе вырашала: прынцып, паводле якога я буду жыць і працаваць, – рабіць усё магчымае, каб ствараць вакол сябе беларускамоўны свет, але разам з тым ставіцца з павагаю да людзей, якія выбіраюць іншую мову ці іншы шлях», – кажа перакладчыца.

Дзеці Надзеі – Ян (10 гадоў) і Марына (8 гадоў) – раслі ў двухмоўным беларуска-расейскім асяроддзі. Калі сыну было 5-6 гадоў, ён пратэставаў і не хацеў размаўляць па-беларуску.

«Разговаривайте со мной на нормальном языке!» – настойваў хлопчык.

Аднойчы да яго прыехаў стрыечны брат Дамінік, які жыве ў Аўстрыі. Дамінік са сваякамі з Беларусі размаўляў па-расейску, але, калі хацеў, каб яго не зразумелі, ужываў нямецкую мову.

Ян, у сваю чаргу, таксама пачаў выкарыстоўваць словы з беларускае мовы, не падобныя да расейскіх, напрыклад, патэльня, каб Дамінік не разумеў, што ён кажа.

Пасля візіту брата сын Надзеі стаў размаўляць па-беларуску ўсё больш. А калі пайшоў у адную з менскіх гімназіяў, дзе шмат дзяцей з беларускамоўных сем’яў, беларуская мова сталася для яго натуральнаю справай.

Як пачалася гісторыя перакладаў шведскіх дзіцячых кніг на беларускую мову? Як узнікла выдавецтва «Koska» і чым давялося рызыкаваць яго ўладальніцы, Надзеі Кандрусевіч, глядзіце ў праграме Глеба Лабадзенкі ды Алесі Літвіноўскай «Мова Нанова» (відэа вышэй).

Фота: Марыя Седэрберг

Стужка навінаў